Байдэн расказаў, пры якіх умовах пагодзіцца выйсці з прэзідэнцкай гонкі

Джо Байдэн

Джо Байдэн / АР

Джо Байдэн назваў умову, пры якой выйдзе з прэзідэнцкай гонкі. Паводле яго, ён здыме сваю кандыдатуру толькі паводле стану здароўя. Пытанне пра замену кандыдата ад Дэмакратычнай партыі паўстала пасля прайграных дэбатаў Дональду Трампу і серыі прыкрых агаворак, якія дапусціў апошнім часам Байдэн.

Шэраг кангрэсменаў звярнуўся да Байдэна з просьбай адмовіцца ад барацьбы за прэзідэнцкую пасаду. У інтэрв'ю тэлеканалу Black Entertainment Television дзейны прэзідэнт пацвердзіў, што мае намер працягнуць кампанію. Ён выйдзе з гонкі, толькі калі ў яго выявяць праблемы са здароўем.

"Калі б у мяне выявілася нейкае захворванне, калі б нехта, дактары прыйшлі і сказалі, што ў мяне праблема", — сказаў Байдэн. Дзейнаму прэзідэнту ЗША цяпер 81 год. Байдэн лічыць, што ўзрост можа быць яго перавагай. "Шчыра кажучы, я думаю, адзінае, што прыносіць ўзрост, — гэта крыху мудрасці", — заявіў ён. На думку прэзідэнта, за чатыры гады ва ўладзе ён "прадэманстраваў, што ведае, як выконваць сваю працу".

"Але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, і я не хачу ад гэтага адмаўляцца", — дадаў ён. Адзначым, што ў канцы лютага доктар Байдэна Кевін О'Конар паведаміў па выніках штогадовага медагляду, што прэзідэнт цалкам здаровы і "здольны паспяхова выконваць абавязкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі