Беларусь абяцае паставіць ва Украіну 10 тысяч тон бензіну А-95
У чэрвені Беларуская нафтавая кампанія паставіць ва Украіну каля 10 тысяч тон бензіну маркі А-95. Пра гэта піша enkorr.ua са спасылкай на сваю крыніцу ў беларускай нафтавай галіне.
Паведамляецца, быццам такое рашэннебыло прынятае пасля розгаласу, які атрымала навіна пра тое. што Беларуская нафтавая кампанія (БНК) збіраеца ў чэрвені згарнуць пастаўкі ва Украіну гэтай маркі бензіну.
"У пятніцу пытанне зноў было вынесенае на абмеркаванне, сёння ўжо ёсць рашэнне — будзе каля 10 тысяч тон", — перадае enkorr.ua словы сваёй крыніцы.
28 траўня стала вядома, што БНК не пацвярджае пастаўкі ва Украіну бензіну А-95 на чэрвень. Перад гэтым Беларусь пастаўляла штомесяц 55 тысяч тон гэтага бензіну, закрываючы патрэбы 50% украінскага рынку.
Такім чынам, новыя пастаўкі ў 5,5 раза меншыя па аб'ёме, чым папярэднія.
Дырэктар украінскай кансалтынгавай групы "А-95" Сяргей Куюн выказаў меркаванне, быццам беларусы баяцца, што ім самім не хопіць бензіну.
Кіраўніцтва БНК заявіла, што не забараняла пастаўку бензіну ва Украіну. А намеснік гендырэктара кампаніі "БНК-Украіна" Сяргей Мельнікаў выказаў меркаванне, што аб'ём паставак можа знізіцца ў сувязі з планавым рамонтам Мазырскага НПЗ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.