Беларусь адзначае Дзень Перамогі
9 траўня Беларусь традыцыйна святкуе Дзень Перамогі.
Сёлета ў Мінску не будзе традыцыйнага шэсця ветэранаў да Плошчы Перамогі. Замест яго пройдзе шэсце памяці "Беларусь памятае". У ім прымуць удзел гараджане, прадстаўнікі грамадскіх і моладзевых арганізацый.
Паведамляецца, што ўдзельнікі шэсця будуць несці фатаграфіі сваіх сваякоў, якія ваявалі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў нашай краіны і тых, хто вызваляў Беларусь у 1944 годзе. На плошчы адбудзецца ўскладанне вянкоў і кветак да манумента Перамогі.
У мерапрыемтве прыме ўдзел таксама Аляксандр Лукашэнка. Як інфармуе БЕЛТА, кіраўнік дзяржавы ўскладзе вянок да манумента Перамогі. Перад прысутнымі урачыстым маршам пройдзе зводная рота і аркестр ганаровай варты ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі. Потым Лукашэнка паразмаўляе з ветэранамі, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса.
Увечары а 20-й гадзіне на пляцоўцы перад Вечным агнём запланаваны святочны канцэрт Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь з удзелам беларускіх выканаўцаў і запрошаных артыстаў.
Святочныя мерапрыемствы будуць арганізаваныя на пляцоўцы каля Палаца спорту з 10-й гадзіны раніцы. Там плануецца міжнародны турнір па сілавым экстрыме, канцэрт, святочны кірмаш, выстава-кірмаш народнай творчасці "Горад майстроў". У парку Перамогі апоўдні пачнецца ўсебеларускае лёгкаатлетычнае спаборніцтва "Забег адважных". На тэрыторыі Верхняга горада з 12.00 да 17.00 адбудзецца канцэрт, які адкрывае серыю канцэртаў летняга турыстычнага сезону.
Акрамя таго, святочныя мерапрыемствы пройдуць у кожным раёне сталіцы.
У 22.00 адбудзецца святочны салют з трыццаці залпаў. Салютамі таксама будзе адзначаны Дзень Перамогі ў абласных цэнтрах краіны.