Беларусь экспартуе больш блакітнага сыру, чым імпартуе і вырабляе сама

Беларусь экспартуе больш блакітнага сыру, чым імпартуе і вырабляе сама

Адзіны завод у Беларусі, які вырабляе сыр з блакітнай цвіллю — Нарачанскі масласыразавод, які пачаў вырабляць яго ў 2012 годзе. Дырэктар завода Віктар Крупенька распавядае Еўрарадыё, што беларусы з'ядаюць толькі 10% вырабленага сыру з блакітнай цвіллю: "На беларускім рынку гэты сыр не карыстаецца попытам. Наш асноўны пакупнік — Расія. Мы вырабляем адну тону блакітнага сыру ў дзень".

Атрымліваецца, што за год Беларусь вырабляе каля 300 тон сыру з блакітнай цвіллю. Калі адняць ад гэтага 10%, то атрымліваецца, што каля 270 тон сыру сыходзіць у Расію. І тут пачынаецца самае цікавае.

У 2017 годзе мы экспартавалі ў Расію 374 тоны сыру. Імпартавалі толькі 75 тон. Перапрадаваць у Расію імпартныя сыры з Італіі, Літвы, Францыі і Польшчы Беларусь не можа, бо санкцыі! А нават калі б магла, гэтага ўсё адно не хапіла бы, каб прадаваць у Расію так шмат блакітнага сыру.

Расія ўвяла "прадуктовае эмбарга" у 2014 годзе. У той год Беларусь імпартавала 110 тон сыру з блакітнай цвіллю, пры гэтым 14 тон з Расіі. А экспартавала 76 тон.

А ўжо ў наступным годзе беларускі экспарт блакітнага сыру ў Расію склаў 295 тон! Адразу вырас у 3,8 раза!  Вось імпарт такога сыру знізіўся да 62 тон.

У 2016 годзе Беларусь экспартавала ў Расію 362 тоны сыру з блакітнай цвіллю. Імпарт склаў 81 тону.

І ў давяршэнне, у 2018 годзе за першыя два месяцы было імпартавана 13,2 тоны сыру з блакітнай цвіллю, а экспартавана ў Расію ужо 96 тон (!!!).

Нават калі б Нарачанскі масласыразавод працаваў без выходных усе два месяцы, ён бы не паспеў вырабіць 80 тон блакітнага сыру. Адкуль бярэцца такая колькасць? Верагодна, расце на дрэвах. Або яго знаходзяць у штольнях Салігорска. Робяць з нафты?

У гэтым выпадку абвінавачванні Рассельгаснагляду ў тым, што беларускія ўлады падрабляюць статыстыку выглядаюць ужо не так галаслоўна. Бо сапраўды, не расце ж гэты сыр на дрэвах?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі