Беларусь мае патрэбу ў міжнародным правасуддзі — Amnesty International
Людзі шукаюць сваіх родных ля ізалятара ў Мінску / TUT.BY
Міжнародная арганізацыя Amnesty International, якая займаецца абаронай правоў чалавека, апублікавала свой даклад аб сітуацыі ў Беларусі. У дакладзе аналізуюцца дзеянні ўладаў, якія замест таго, каб пачаць разбіральніцтва па фактах катаванняў у дачыненні да мірных грамадзян, пераследуюць ахвяр гвалту.
У дакуменце адзначаецца, што ў Беларусі не было распачата ніводнай крымінальнай справы паводле фактаў гвалту з боку сілавікоў. Хоць нават улады прызнаюць, што грамадзяне звярталіся з сотнямі такіх скаргаў. У дакладзе гаворыцца і пра гібель некалькіх чалавек падчас беларускіх пратэстаў.
"Мы неаднаразова заклікалі ўлады правесці рэальныя расследаванні, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці, але на гэта мала надзеі, бо сістэма не толькі гарантуе ананімнасць міліцыі, але і заахвочвае запалохванне і далейшы гвалт у дачыненні да ахвяр і сведак", – заявіла дырэктарка Amnesty International ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.
Беларуская судовая сістэма таксама не здольная ўзяць сітуацыю пад кантроль. Таму "правасуддзе цяпер павінна ажыццяўляцца на міжнародным узроўні", лічаць у Amnesty International.
"Урады, міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыі павінны выкарыстоўваць усе свае рычагі ціску на ўлады Беларусі, каб пакласці канец такому замаху на правы чалавека", — заявіла Мары Стразэрс.
У дакладзе Amnesty International сабраныя таксама дакументальныя сведчанні таго, што адбывалася з затрыманымі мірнымі дэманстрантамі. Людзі распавядаюць, як іх распраналі дагала, збівалі, прымушалі знаходзіцца ў сагнутым або стаячым становішчы доўгі час, як іх пазбаўлялі ежы, вады і медыцынскай дапамогі.
Няма ніякіх перадумоў, што беларускія ўлады пачнуць самі разбірацца з фактамі гвалту. Наадварот, са змяненнем нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі у іх з'явілася магчымасць цягнуць з узбуджэннем такіх крымінальных спраў бясконца доўгі час. Раней на праверку па скарзе адводзілася тры месяцы. Яшчэ на тры месяцы следчы мог прыпыніць праверку. У любым выпадку праз паўгода пацярпелыя маглі б патрабаваць нейкі канкрэтны адказ. З 14 студзеня 2021 года следства атрымала права прыпыняць праверку на неабмежаваны час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.