Беларусь на дзіцячым “Еўрабачанні” прадставіць песня, аўтар якой адседзеў суткі
Беларусь вызначылася з песняй, якая прадставіць краіну сёлета на дзіцячым “Еўрабачанні” у Польшчы. Гэта кампазіцыя “Пришельцы”, яе выконвае 12-гадовая Арына Пехцерава. Аўтар — Данііл Забела.
10 жніўня падчас экскурсіі па Магілёве, якую ладзіў вядомы краязнаўца Алег Дзячкоў, Данііл апынуўся затрыманым АМАПаўцамі і адседзеў суткі за нібыта здзейсненае адміністратыўнае правапарушэнне. Але музыка мяркуе, што гэты інцыдэнт не мае ніякага дачынення да творчасці, тым больш, да дзіцячага “Еўрабачання”.
“Гэтая песня была напісаная ўвесну. Яна пра тое, як людзі адчувалі сябе падчас пандэміі: як ім цяжка было размаўляць адно з адным, камунікаваць, што ўсе сядзелі па дамах. Такая песня самоты. Мы не мелі вялікіх ілюзій, што песню адбяруць, але, відаць, яна спадабалася, патрапіла ў кропку”, — кажа ў размове з Еўрарадыё Данііл.
У youtube і на афіцыйнай старонцы дзіцячага “Еўрабачання” у Instagram песня “Пришельцы” атрымлівае шмат пазітыўных водгукаў.
“Самая моцная песня ў гісторыі дзіцячага “Еўрабачання”. Жадаю Перамогі!” — пішуць фэны конкурсу.
“Беларусь, гэта твой час. Адназначны пераможца!”, — дадаюць іншыя.
Арына Пехцерава — родам з Магілёва. З 2014-га года дзяўчына шмат выступае і ўдзельнічае ў розных фестывалях і конкурсах. Стала фіналісткай тэлепраекту "Талент краіны", спрабавала сябе ў расійскім "Голасе. Дзеці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.