Беларусь пакуль не атрымае крэдыт Міжнароднага валютнага фонду
У Вашынгтоне прайшлі перамовы беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрыем Калечыцам з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду. Яны былі прысвечаныя новай крэдытнай праграме для нашай краіны. Як вядома, у Мінску ўжо некалькі гадоў разлічваюць атрымаць крэдыт МВФ у памеры 3 млрд долараў. Для гэтага беларускі бок мусіў выканаць шэраг патрабаванняў у справе рэфармавання беларускай эканомікі.
Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу МЗС, пакуль гаворкі пра атрыманне крэдыту няма. Умовы рэалізацыі новай праграмы МВФ для Беларусі ўсё яшчэ будуць дапрацоўвацца. Пра гэта стала вядома па выніках перамовах беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам МВФ і Сусветнага банка. Гаворка ішла, у прыватнасці, пра "забеспячэнне макрафінансавай збалансаванасці" і структурныя пераўтварэнні ў эканоміцы Беларусі. Міжнародны валютны фонд адзначае "прагрэс у рэалізацыі урадам і Нацбанкам Беларусі мер эканамічнай палітыкі". Якія перспектывы атрымання Беларуссю крэдыту МВФ, пакуль невядома.