Беларус расказаў, як партызаніў у акупаваным расіянамі Херсоне
Валерый Камагораў / svaboda.org
У акупаваным расіянамі Херсоне партызаніў беларус Валерый Камагораў. Пра сваю дзейнасць ён расказаў у інтэрв'ю Радыё "Свабода".
Хлопец нарадзіўся ў Брагінскім раёне, жыве ў Херсоне з 2015 года — пераехаў туды да дзяўчыны і ажаніўся. У 2021 годзе развёўся. Працаваў у рамонце ноўтбукаў і тэлевонаў.
"Пасля пачатку вайны я прынцыпова застаўся ў Херсоне. Бо тут былі людзі, якія патрабавалі маральнай і фінансавай падтрымкі. Спачатку мы дапамагалі тэрытарыяльнай абароне: калі расіяне спрабавалі захапіць Херсон, будавалі барыкады. Потым каардынавалі разам з іншымі праўкраінскія мітынгі, малявалі плакаты. Таксама валянцёрылі, дапамагалі бабулькам з прадуктамі і лекамі", — распавядае Камагораў.
Падчас акупацыі спярша псавалі расіянам тэхніку: "Прабівалі колы ў тэхніцы акупантаў. Залівалі салярку замест бензіну, дадавалі цукар у паліва. І так псавалі ім тэхніку. Здавалі іх пазіцыі".
Калі затрыманні сталі масавымі, гэтую дзейнасць Валерый і ягоная дзяўчына Вольга спынілі. Яны сталі здымаць для TikTok патрыятычныя праўкраінскія відэа. Аднак хтосьці, мяркуе Валерый, іх здаў — яго, Вольгу і яшчэ адну жанчыну з іх групы ўзялі ў палон.
"Мяне адразу стукнулі прыкладам у галаву, потым чатыры гадзіны білі пасля затрымання, на вуліцы. Добра, што я пачысціў да гэтага інтэрнэт, перапіскі. Бо было б горш. Так толькі засталася інтэрнэт-актыўнасць у Tiktok", — згадвае беларус.
Затрымалівалі яго як мясцовыя калабаранты, так і расіяне . Пры затрыманні ў пакоі Камагорава пабачылі бел-чырвона-белы сцяг, што вельмі раззлавала акупантаў. Яго называлі шпіёнам і здраднікам.
Іх трымалі ў падвале ў цэнтры Херсона. "Вольгу і нашу жанчыну адпусцілі пасля 11 дзён "на падвале“. Вольга захварэла там на ангіну і не магла гаварыць. Жанчыне ж зрабілася блага. Мне стала лягчэй, калі іх вызвалілі", — кажа Валерый.
Беларус згадвае, як штодзень з 6 раніцы да 12 дня дапытвалі і білі, у тым ліку токам. Ад яго патрабавалі выдаць іншых партызанаў, пагражалі дэпартацыяй, абвінавачаннем у тэрарызме і шпіянажы.
"Пасля, з 27 верасня, адправілі за горад капаць акопы, магілы. Каму тыя магілы былі, я не ведаю", — кажа Валерый. Начаваў ён і іншыя затрыманыя ў хляве з заваранымі вокнамі і дзвярыма.
"Там было трохі лепш, чым у падвале. Хоць нейкія матрацы валяліся на падлозе. Бо ў падвале начавалі на голым бетоне. У падвале маглі і тыдзень не карміць, даць якой недаваранай грэчкі жменю. Камеры ў падвале былі перапоўненыя, трамбавалі па 7-8 чалавек", — распавядае хлопец.
А 24 кастрычніка да Камагорава падышоў ахоўнік і сказаў, што яго загадалі адпусціць.
Украінскія войскі вярнуліся ў Херсон 11 лістапада. Цяпер у горадзе, кажа беларус, яшчэ вылоўліваюць калабарантаў і праводзяць фільтрацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.