Беларусь у рэйтынгу дэмакратыі ніжэй за Ірак і Пакістан, вышэй за Расію і Кітай

Беларусь у рэйтынгу дэмакратыі ніжэй за Ірак і Пакістан, вышэй за Расію і Кітай

Беларусь у рэйтынгу дэмакратычнасці краінаў The Economist Intelligence Unit, які штогод складае аналітычнае падраздзяленне брытанскага часопісу Economist, займае 127 месца. Рэйтынг паказвае сітуацыю з дэмакратыяй і палітычнай свабодай у краіне ў 2015 годзе.

Паводле даследавання, кожная краіна атрымлівае індэкс ад 0 да 10, які складаецца з 60 ключавых паказчыкаў, згрупаваных у пяць асноўных катэгорыяў, якія характарызуюць стан дэмакратыі ўнутры дзяржавы. Сярод іх “выбарчы працэс і плюралізм”, “дзейнасць урада”, “палітычны ўдзел”, “палітычная культура” і “грамадзянскія свабоды”.

Агульная колькасць балаў, якую атрымала нашая краіна — 3,62. Беларусь патрапіла ў групу аўтарытарных краін, паміж Камерунам і В’етнамам.

Самую высокую ацэнку нашая краіна атрымала за палітычную культуру — 6,25. За палітычны ўдзел — 3,89, за дзейнасць урада — 3,57, за грамадзянскія свабоды — 2,65 бала. Найніжэйшую ацэнку Беларусь атрымала за выбарчы працэс і плюралізм — 1,75.

У параўнанні з 2014 годам, індэкс дэмакратыі ў Беларусі крыху зменшыўся — тады ён складаў 3,69. У 2012 і ў 2013 годзе наша краіна мела яшчэ меней — 3,04 балы.

Беларусь у рэйтынгу дэмакратыі ніжэй за Ірак і Пакістан, вышэй за Расію і Кітай
Табліца рэйтынгу. Месцы са (104 па 132) Выява: eiu.com

Сярод нашых суседзяў найвышэйшую пазіцыю займае Літва38 месца, Латвія атрымала 42 месца, Польшча48-е. Усе яны ўваходзяць у групу краінаў “з непаўнавартаснай дэмакратыяй”. Украіна займае 88-е месца і знаходзіцца ў групе краін з “гібрыдным рэжымам”. У Расіі становішча, на думку брытанцаў, яшчэ горш. Яна месціцца на 132 месцы паміж Кот д’Івуарам і Егіптам, у групе аўтарытарных краінаў.

У рэйтынгу ўдзельнічала 167 незалежных дзяржаў. Першае месца традыцыйна займае Нарвегія, маючы 9,93 балаў. У дзясятку самых дэмакратычных краін уваходзіць Ісландыя, Швецыя, Новая Зеландыя, Данія, Швейцарыя, Канада, Фінляндыя, Аўстралія і Нідэрланды.

На апошніх прыступках рэйтынгу знаходзіцца Паўночная Карэя, Сірыя, Чад, Цэнтральная Афрыканская Рэспубліка, Экватарыяльная Гвінея, Туркменістан, Саудаўская Аравія, Гвінея Бісаў, Таджыкістан і Узбекістан.

Аналітыкі размяркоўваюць краіны ў рэйтынгу паводле экспертных ацэнак і вынікаў грамадскіх апытанняў. Даследаванні для рэйтынгу праводзяцца з 2006 года.

Паводле справаздачы, да краінаў з поўнай дэмакратыі адносяцца 20 краін, у якіх жыве амаль 9% насельніцтва. Да краін з непаўнавартаснай дэмакратыяй — 59 краін, там пражывае амаль 40% насельніцтва. Гібрыдныя рэжымы пануюць у 37 краінах, там жыве 17% насельніцтва планеты. У 51 краіне свету — аўтарытарныя рэжымы, з імі пражывае 34% насельніцтва планеты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі