Беларусь увайшла ў першую дваццатку краін па продажы зброі ў свеце

Беларусь трапіла ў топ-20 прадаўцоў зброі

Беларусь трапіла ў топ-20 прадаўцоў зброі / pixabay.com

Беларусь трапіла ў дваццатку самых буйных экспарцёраў зброі ў свеце. Такія звесткі публікуе інтэрнэт-партал Insider Monkey са спасылкай на звесткі Стакгольмскага міжнароднага інстытута па вывучэнні праблем міру (SIPRI).

Даследчыкі вывучылі продажы зброі на працягу 2018-2022 гадоў. Пры гэтым улічвалася колькасць прададзеных за мяжу адзінак стралковай ды іншых відаў зброі, а таксама колькасць экспартаванага вайсковага абсталявання і паслуг.

"Беларусь уваходзіць у топ-20 краін, якія экспартуюць больш за ўсё зброі ў свеце з доляй каля 0,33% у агульным сусветным экспарце ўзбраенняў за перыяд з 2018 па 2022 год. Увесь гэты перыяд Сербія была найбуйнейшым імпарцёрам зброі з Беларусі, атрымаўшы каля 33% ад яе агульнага аб'ёму экспарту ўзбраенняў", — адзначае Insider Monkey.

У гэтым рэйтынгу Беларусь на адну пазіцыю саступіла Польшчы (19-е месца) і на тры — Украіне (17-е месца).

Першае месца ў свеце па продажы зброі займаюць Злучаныя Штаты. У тройку лідараў уваходзяць таксама Расія і Францыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі