Беларус выйграў этап Кубка Еўропы па лыжнай акрабатыцы ў Швейцарыі

Беларус выйграў этап Кубка Еўропы па лыжнай акрабатыцы ў Швейцарыі

Беларус Станіслаў Гладчанка выйграў этап Кубка Еўропы па лыжнай акрабатыцы ў швейцарскім Айрало.

Як перадае БЕЛТА, спаборніцтвы на этапе Кубка Еўропы па лыжнай акрабатыцы былі перастаўленыя ў сувязі з умовамі надвор'я. Снегапад змусіў перанесці спаборніцтвы ў асабістым заліку і адмяніць камандны турнір.

Гладчанка на заключным этапе атрымаў ад суддзяў 173,88 бала, бо змог больш надзейна, чым яго сапернікі, выканаць два скачкі.

Другое месца заняў швейцарац Фабіян Керн, які саступіў нашаму спартоўцу толькі 0,3 бала. На трэцім месцы апынуўся яшчэ адзін наш суайчыннік — Дзмітрый Мазуркевіч, які атрымаў 161,62 бала. Дарэчы, чацвёртае месца заваяваў таксама беларус — Эдуард Бродзік (154,36 ачка).

У спаборніцтвах сярод жанчын першае месца заняла Жанбота Алдабергенава з Казахстана — 152,95 бала. На другім месцы апынулася беларуска Ганна Гуськова — 149,70 бала, бронзу заваявала Аляксандра Раманоўская — 149,17 бала.

У агульным заліку Кубка Еўропы сярод мужчын па выніках сямі этапаў Дзмітрый Мазуркевіч займае трэцяе месца — у яго 319 ачкоў. Першае месца — у швейцарца Нікаласа Гігакса (457 балаў).

Зборная Беларусі па лыжнай акрабатыцы па выніках сезона ў Кубку Еўропы стала таксама уладальніцай Кубка нацый, набраўшы 1555 ачкоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі