"Беларусь" замест "Белая Расія": Данія мяняе назву нашай краіны
Беларусь у Даніі будуць называць Belarus, а не Hviderusland/ pixabay.com
Міністэрства замежных спраў Даніі з гэтага часу будзе выкарыстоўваць назву Belarus замест Hviderusland, што ў перакладзе з дацкага азначала "Белая Расія". Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на старонцы ведамства ў Twitter.
"Прыйшоў час выкарыстоўваць нам тэрмін, запатрабаваны беларускай грамадзянскай супольнасцю і народам", — патлумачыў прынятае рашэнне міністр замежных спраў краіны Епэ Кофард.
Нагадаем, раней пра магчымасць перайсці да выкарыстання назвы Belarus замест Baltarusija заявілі і ў Літве. Кіраўнік МЗС краіны Габрыэлюс Ландсбергіс у студзені нагадаў, што "Балтарусія "даслоўна перакладаецца як "Белая Расея", і заявіў, што "калі беларусы выкажуць такое пажаданне, то мы абавязкова разгледзім гэтае пытанне гэтак жа, як мы ўжо змянілі назву Грузіі на Сакартвела".
Некалькі гадоў таму на такі ж крок пайшлі і ў Швецыі: Беларусь у афіцыйных паперах стала Belarus, а не Vitryssland (Белая Расія).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.