Беларус завяршыў святкаваць Дзень нараджэння ў канаве на мяжы з Літвой
12 траўня гродзенскія памежнікі атрымалі інфармацыю, што беларуска-літоўскую мяжу могуць парушыць з беларускага боку. Яны адразу ж апавясцілі пра гэта літоўскіх калег, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Трывожная група адправілася да меркаванага месца парушэння. Каля мяжы беларускія і літоўскія памежнікі пабачылі, як у канаве захрасла аўто.
Выявілася, што за рулём быў нецвярозы 30-гадовы жыхар Шчучынскага раёна. Мужчына распавёў, што адзначыў свой Дзень нараджэння і вырашыў пракаціцца на машыне. На лясной дарозе ён згубіў арыенціроўку і паехаў, як пазней высветлілася, да дзяржаўнай мяжы. Пераехаць праз мяжу яму перашкодзіў шлагбаўм, якога п'яны кіроўца папросту не заўважыў.
Пасля сутыкнення са шлагбаўмам мужчына не справіўся з кіраваннем і на пашкоджанай машыне з'ехаў у канаву.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.