Беларуса, які папрасіў пра міжнародную абарону, затрымалі ў Польшчы
Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Польскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі Аляксандра С., калі 14 жніўня ён папрасіў аб міжнароднай абароне, піша MOST.
Раней беларусу адмовіліся выдаць працоўны ВНЖ — у выніку негатыўнага заключэння спецслужбаў. Аляксандр паспеў звязацца з журналістамі і расказаць сваю гісторыю. Мяркуецца, што яго маглі паблытаць з іншым чалавекам, які ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Польшчы.
Аляксандр родам з Брэсцкай вобласці. У лютым 2023-га яго ў Беларусі асудзілі за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Пасля "сутак" ён вырашыў пакінуць Беларусь, баючыся крымінальнай справы за каментары.
Мужчына пераехаў у Польшчу па рабочай візе, уладкаваўся дальнабойнікам. Апошнім часам ён працаваў кіроўцам на прадпрыемстве пад Бельскам-Падляскім. Аляксандр падаў дакументы на атрыманне ВНЖ па працы ў цяперашняга працадаўцы. Аднак нечакана яму адмовілі: — негатыўнае заключэнне дало Агенцтва ўнутранай бяспекі.
Журналісты MOST, якія вывучылі копіі дакументаў, лічаць, што адбылася памылка. У мужчыны імя па бацьку — Мікалаевіч. А ў рашэнні ён названы Сяргеевічам.
"На чатырох старонках дакумента імя і прозвішча Аляксандра пазначаны правільна. І толькі ў абзацы, у якім гаворка ідзе пра тое, што заяўнік уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Польшчы, пазначаны імя і прозвішча зусім іншага чалавека. Яго прозвішча пачынаецца з той жа літары, што і ў Аляксандра", — звяртае ўвагу выданне. Журналісты робяць выснову, што магла адбыцца бюракратычная памылка.
Аляксандр расказаў, што шукаў спосабаў вярнуцца дадому. У тэлеграме з ім звязаліся беларускія сілавікі: каб заслужыць права на бяспечнае вяртанне, ён павінен быў фатаграфаваць ваенную тэхніку. Аляксандр запэўнівае, што адмовіўся і перастаў кантактаваць з тымі, хто звязаў яго з сілавікамі.
Мужчына запэўнівае, што нічога не парушаў у Польшчы. Ён планаваў працягваць працу ў краіне і спадзяваўся на прыезд да яго жонкі і дачкі.
Атрымаўшы адмову ў ВНЖ, беларус вырашыў прасіць міжнародную абарону. У Падляскім аддзяленні памежнай службы ў Беластоку яму прызначылі дату і месца падачы заявы. Аляксандр паехаў у прызначаны пункт — там яго і затрымалі. Тым не менш заяву аб міжнароднай абароне ў яго прынялі і выдалі адпаведны дакумент. Цяпер Аляксандр у Польшчы знаходзіцца легальна.
У Цэнтры беларускай салідарнасці пракаментавалі, што да разгляду заявы аб міжнароднай абароне дэпартаваць мужчыну не могуць. Але асобна вырашаецца, дзе заяўнік будзе чакаць рашэння — у цэнтры для замежнікаў (там ёсць адкрытая і закрытая часткі) ці будзе свабодна пражываць у Польшчы. З прычыны таго, што ў рашэнні аб прадастаўленні ВНЖ пазначана пра пагрозу нацыянальнай бяспецы, памежнікі маглі затрымаць яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.