Беларусы маюць праблемы ў польскіх банках праз цёзак, якія трапілі пад санкцыі

Банкамат

Банкамат

Ужо некалькі беларусаў сутыкнуліся з праблемамі ў польскіх банках, бо іх імёны і прозвішчы супадалі з людзьмі з санкцыйнага спісу, паведаміў тг-канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic.

Адзін з такіх беларусаў пералічыў, з чым яму давялося сутыкнуцца:
— буйная роварная крама заблакавала акаўнт;
— амаль кожны раз пры замове з крамаў кур'ерскай дастаўкай DHL просяць скан пашпарта, пры тым што канчатковы адрас дастаўкі не змяняецца.

"З міжнароднымі пераводамі праблем няма. Але ёсць праблемы з банкамі. Santander мне нават рахунак не можа адкрыць, у іх на этапе рэгістрацыі сістэма блакуе працэс", — кажа беларус. Ён пісаў звароты на сайт. Яму прыходзіў адказ папяровым лістом: "Няма тэхнічнай магчымасці адкрыць рахунак".

Таксама наш суайчыннік не змог узяць іпатэку ў банку Millenium. Заяўку адпрэчылі з прычыны "павышаных мераў фінансавай бяспекі". Сам беларус высветліў, што гэта адпавядае процідзеянню тэрарызму. "Ці буду спрабаваць даказаць Millenium, што гэта не я ў спісе? Так, буду. Пакуль што крэдытны пасярэднік не змог падаць заяўку анлайн, а там не паказваецца ні дата нараджэння, ні імя па бацьку. Буду спрабаваць сам вырашыць праблему з банкам", — каментуе ён.

У каментары Devby.io прадстаўнікі юрыдычнай кампаніі REVERA Polska патлумачылі, што пры адкрыцці рахунку ці выдачы крэдыту банк праводзіць абавязковую KYC праверку. Яна праводзіцца не толькі па санкцыйных спісах, але і па спісах тэрарыстаў, экстрэмістаў. Таксама у банку правяраюць, ці з'яўляецца заяўнік так званым PEP (палітычна значнай асобай).

Праблемы звычайна ўзнікаюць па наступных прычынах:

— у санкцыйных спісах дастаткова мала інфармацыі пра падсанкцыйную асобу: прозвішча, імя лацінкай на беларускай і рускай; месца і дата нараджэння; пасада і абгрунтаванне ўвядзення санкцый. Таму шмат залежыць ад уважлівасці банкаўскай службы, якая займаецца праверкай. Калі супадае толькі прозвішча, звычайна праблема не ўзнікае. Але пры супадзенні імя і прозвішча сістэма пакажа высокую рызыку. Пасля гэтага банкаўскі работнік можа не захацець правяраць іншыя даныя (напрыклад, дату нараджэння ці бацьку) і выдаць адмову.

"У такім выпадку можна паспрабаваць паспрачацца з банкам і даказаць, што вы гэта вы, а не той чалавек з спісу — часам гэта атрымліваецца", — кажуць юрысты. Толькі спрачацца давядзецца не са спецыялістамі ў аддзяленні банка, а звяртацца ў галаўны офіс банка і патрабаваць перагледзець вынікі праверкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі