Беларуска сёлета можа не паляцець у космас
Беларускі-кандыдаткі на палёт у космас / БЕЛТА
Беларуска сёлета можа не паляцець у космас. Запланаваны на восень палёт могуць перанесці з-за сітуацыі з "Саюзам МС-22". Пра гэта ТАСС паведамілі ў "Раскосмасе". Пры гэтым там заяўляюць, што "палёт першага касманаўта Рэспублікі Беларусь на расійскім пілатуемым караблі "Саюз МС" адбудзецца, як і планавалася". Аднак ён адбудзецца ў пазнейшы тэрмін (калі менавіта, пакуль сказаць у "Раскосмасе" не могуць, яго назавуць пазней).
Як вядома, у канцы 2022 года ўзніклі праблемы з касмічным караблём "Саюз МС-22", які прыстыкаваны да Міжнароднай касмічнай станцыі. Там адбылася аварыя ў сістэме тэрмарэгуляцыі. У выніку "Раскосмас" вырашыў вярнуць карабель на Зямлю без экіпажу. Касманаўты вернуцца на караблі "Саюз МС-23", які замест сакавіка паляціць да МКС 20 лютага 2023-га.
Для палёту ў космас летась былі адабраныя шэсць беларусак, якія прайшлі медкамісію ў РФ. Асноўную кандыдатку і яе дублёршу ў бліжэйшы час мусіць выбраць беларускі бок. У далейшым яны будуць праходзіць падрыхтоўку ў Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.