Два зарапады можна будзе ўбачыць з Беларусі ў снежні
Космас
Адразу два зарапады змогуць убачыць беларусы ў снежні (калі пашчасціць).
У сярэдзіне месяца з 13 на 14 снежня з паўночнага паўшар'я можна будзе назіраць за Гемінідамі. Метэорны паток з сузор'я Блізнятаў будзе моцным: у гадзіну будзе ляцець да 120 метэораў. На жаль, бачнасць будзе не вельмі: месяц будзе набліжацца да поўні, і яго яркае святло перашкодзіць назіральнікам за "падаючымі зоркамі".
Усяго праз тыдзень па небе будуць ляцець Урсіды. Гэта зарапад з сузор'я Малая Мядзведзіца. Яго чакаюць з 21 на 22 снежня. Пры Урсідах па небе будзе пралятаць ўсяго да 10 метэораў у гадзіну. І назіранням за гэтымі метэорамі таксама можа перашкодзіць месяц.
Дарэчы, у Беларусі ёсць прафесійныя назіральнікі за зоркамі, якія робяць фантастычныя здымкі начнога неба. Адзін з такіх здымкаў нават стаў "фатаграфіяй дня" NASA. Праўда, зроблены ён не ў Беларусі. На здымку Дзмітрыя Канановіча можна ўбачыць начное неба над заснежанымі Альпамі, і ў гэтым цёмным небе бачная вялікая спіральная галактыка — гэта галактыка Андрамеды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.