"Беларуськалій" знаходзіцца на першым месцы ў Беларусі па прыбытку
Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала справаздачу пра дзейнасць адкрытых акцыянерных таварыстваў. Яна сведчыць, што "Беларуськалій" знаходзіцца на першым месцы ў нашай краіне па прыбытку. У першым паўгоддзі бягучага года чысты прыбытак прадпрыемства склаў 6 трлн 734,5 млрд рублёў. Гэта амаль у два разы больш, чым у аналагічны перыяд 2014-га.
На другім месцы знаходзіцца "Газпрам трансгаз Беларусь" — 2 трлн 514,6 млрд (больш чым у 6 разоў больш, чым у першым паўгоддзі мінулага года), на трэцім — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод — 2 трлн 392,8 млрд рублёў (амаль удвая больш).
У першую дзясятку таксама трапілі "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", "Пінскі КХП", "Гомельтранснафта Дружба", "Гродна Азот", "558 Авіяцыйны рамонтны завод", "Прамагралізінг" і "Пеленг".
Як паведамляла Еўрарадыё, на "Беларуськаліі" за год скарацілі больш за 1100 чалавек. На МАЗе звольнілі 2300 чалавек, на МТЗ — больш за 1700, на БелАЗе — амаль 1200, на "Гомсельмашы" — больш за тысячу.
Фота: Беларуская калійная кампанія