Беларуская эканоміка ўпадзе менш, чым чакалася? Распавядаюць эксперты
ЕАБР: ВУП Беларусі ў 2020 годзе знізіцца на 2,3%
ВУП Беларусі ў 2020 годзе знізіцца на 2,3%. Такі прагноз дае Дырэкцыя па аналітычнай рабоце Еўразійскага банка развіцця ў свежым макраэканамічным аглядзе.
У красавіку ЕАБР казаў аб зніжэнні беларускага ВУП на 3,3%. Гэты прагноз аптымістычна скарэкціраваны.
Але такі аптымізм — нішто ў параўнанні з настроямі, якія пануюць у беларускім урадзе. У канцы мінулага года ён спрагназаваў рост ВУП на 2,8%, а па кансерватыўным сцэнарыі — на 1,9%. Пра тое, што гэты паказчык не будзе пераглядацца, у чэрвені заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.
А што зараз адбываецца з ВУП? Сітуацыя адваротная таму, што запланаваў урад. Калі па выніках першага паўгоддзя чакаўся рост на 1,6%, то на справе на 1,6% выйшла падзенне.
Дзмітрый Крук: Канец года пройдзе адчувальна горш, чым магло б быць
— Думаю, у ЕАБР проста паглядзелі на дынаміку па студзені-жніўні. Яна лепш, чым чакалася, што абумоўлена спецыфічнай рэакцыяй уладаў на наступствы COVID-19, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. — У апошнія месяцы года сітуацыя будзе адчувальна горш, чым магла б быць.
З другой паловы жніўня з'явіліся сур'ёзныя выклікі ў фінансавым сектары.
— Ярчэй за ўсё гэта было выяўлена ў павышаным попыце на замежную валюту. Яшчэ адна, магчыма, менш прыкметная, але больш важная тэндэнцыя — адтокі дэпазітаў з банкаў. Яна ж больш устойлівая. Гэтая праблема стварае сур'ёзныя рызыкі для банкаўскага сектара. Нацбанк жа спрабуе прытрымлівацца спецыфічнай палітыкі — заціскання ліквіднасці банкаў. Але гэта азначае перанакіраванне праблем у рэальны сектар, — распавядае эксперт.
Па яго словах, натуральная рэакцыя банкаў — абмежаванне крэдытнай прапановы.
— Гэта вялікая праблема для прадпрыемстваў, асабліва калі мы гаворым аб буйных дзяржпрадпрыемствах. У іх вельмі слабая абсалютная ліквіднасць, паколькі большую частку выпушчаных у перыяд пандэміі тавараў яны замарозілі на складах. Каб функцыянаваць далей, трэба перакрэдытаванне, а часцей за ўсё дадатковае крэдытаванне.
Разам з тым расце кошт запазычанняў, што ў яшчэ большай меры пагаршае становішча прадпрыемстваў аж да неплацежаздольнасці.
— Не магу сказаць, наколькі гэта стане шырокім трэндам, але для буйных дзяржпрадпрыемстваў праблема будзе актуальная. Мы атрымліваем поўны набор індыкатараў у рэальным сектары ў выглядзе зніжэння выпускаў, зніжэння даходаў, зніжэння попыту.
Яшчэ адна магчымая тэндэнцыя — рост неплацяжоў прадпрыемстваў перад контрагентамі і работнікамі. Пра тое, што ВУП выйдзе на станоўчую плоскасць, не можа быць і гаворкі, дадае Дзмітрый Крук.
Вадзім Іосуб: ЕАБР не "падлічыў" палітычныя рызыкі
Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб таксама адзначыў, што прагноз ЕАБР абумоўлены запаволеннем падзення ВУП па выніках другога квартала, ліпеня і жніўня.
— Яны зрабілі такую выснову зыходзячы з таго, што ВУП падае менш, чым яны самі прагназавалі. Аднак яны практычна не бяруць у разлік палітычныя рызыкі, якія ў нас склаліся пасля выбараў, і эфект на эканоміку, які гэтыя рызыкі могуць аказаць. Зыходзячы з гэтага, мне здаецца, прагноз неабгрунтавана аптымістычны, — кажа эксперт.
Аляксандр Чубрык: Прагнозамі па ВУП можна пагрэбаваць
— Любая структура такога маштабу, як ЕАБР, рыхтуе дакументы даволі працяглы час. Потым раптам адбываюцца непрадбачаныя падзеі, і каб прыняць іх пад увагу, трэба цалкам перарабіць усё. Няўжо нехта будзе гэтым займацца? Не, вядома, — кажа дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
У сітуацыі, калі рэалізаваліся палітычныя рызыкі, не варта надаваць значэння лічбам ЕАБР, а прагнозы ў сітуацыі нявызначанасці не маюць сэнсу, упэўнены эксперт.
— Яны не маюць асаблівага практычнага сэнсу. Я б нават сказаў, што ВУП — гэта не тая лічба, якая паказвае асноўныя уразлівасці беларускай эканомікі на дадзеным этапе, ёй можна некаторы час грэбаваць. У ІПМ таксама рабілі падобны прагноз, але вырашылі, што няма сэнсу яго публікаваць.
Першаснае пытанне сёння — разбураны давер да базавых інстытутаў, якія нядрэнна працавалі. Такія катэгорыі даволі складана аблічбаваць, як і вярнуць давер, падкрэсліў Аляксандр Чубрык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.