Беларуская мытня праверыла на экстрэмізм нашыўкі палка “Азоў”

Беларуская мытня праверыла на экстрэмізм нашыўкі палка “Азоў”

Алесь Таболіч — даўно вядомы ў беларускіх музычных метал-колах і сам можа рыкам са сцэны напалохаць каго хочаш. Але ў ноч з 17 на 18 снежня Алеся напалохала звычайная беларуская мытніца.

“Да Беларусі мы ўначы пад’ехалі. Украінскую мяжу праехалі хутка. Усё нармальна. Пад’язджаем да нашых. Тут жанчына, мытніца. Падыходзіць да нас, убачыла маленькі жоўта-блакітны сцяжок. Дастала і як пачала крычаць: “Сюды!”. Я ажно перапужаўся. Бягуць усе памежнікі, мытнікі. Крычаць: “Злавілі!”. Я ім такі кажу: што? Яны канверт раскрылі і кажуць, што гэта ж “Азоў”, батальён, які на Данбасе людзей б’е”, — расказвае Таболіч.

Разам з жонкай музыку трымаюць на беларускай мяжы больш за сем гадзін. Праводзяць дагляд (да ніжняй бялізны), выпытваюць, дзе быў і куды едзе.“Жонка пачала моцна хвалявацца, на эмоцыях”, — расказвае Таболіч. Пасля “вызвалення” ад мытнікаў пары прыйшлося незапланавана заначаваць у Мазыры — ехаць да Мінска моцна стомленымі было небяспечна.

Падчас дагляду супрацоўнікі Мытнага камітэта знайшлі і перапісалі 35 адзінак “крамольнай” прадукцыі. Сярод іх “Моцная вялікая Украіна” — 3 штукі, сімволіка палка “Азов” — 11 штук, “Dynamo ultras” — 1 штука і яшчэ шмат іншага. Усё знойдзенае ў Таболіча забралі на экспертызу.

Беларуская мытня праверыла на экстрэмізм нашыўкі палка “Азоў”

На пачатку лютага музыка атрымлівае афіцыйны ліст з чырвоным дзяржаўным гербам — адказ мытнікаў. Там гаворыцца, што Таболіч можа прыехаць у Гомель з пашпартам і забраць усе свае налепкі і нашыўкі. Маўляў, нічога дрэннага ў іх экспертыза не знайшла.

"Добрая навіна, што гэта нармальная сімволіка, а не нейкі там, як гаварылі мне на пачатку памежнікі, “акт тэрарызму", — радуецца музыка.

Алесь Таболіч збіраецца забраць свае налепкі, калі будзе у Гомелі. Музыка кажа, што інфармацыю пра гэта здарэнне варта пашырыць, каб беларусы не баяліся везці з Украіны сувеніры, а беларускія мытнікі і памежнікі не канфіскоўвалі іх больш на мяжы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі