Беларуская зборная па гімнастыцы задарма атрымала дзвюх спартсменак з ЗША
Дзве амерыканскія гімнасткі будуць выступаць за зборную Беларусі. Яны ўжо атрымалі пашпарты нашай краіны. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ распавяла старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель. Яна адзначыла, што амерыканкі выступяць ужо на бліжэйшым чэмпіянаце свету, які пройдзе ў кастрычніку ў Вялікабрытаніі. Там будуць разыграныя ліцэнзіі для Алімпіяды 2016 года.
"Таму нам вельмі важна ўсё ж такі паспрабаваць зрабіць усё магчымае, каб заваяваць хоць адну ліцэнзію, каб Беларусь на Алімпіядзе была прадстаўленая, ― адзначыла Скрыпель. ― У Амерыцы гэты від спорту вельмі развіты. Там з-за таго, што існуе клубная сістэма, у клубах вялікая ўвага надаецца падрыхтоўцы дзяўчынак у спартыўнай гімнастыцы. Але, на жаль, не ўсе могуць патрапіць у зборную ЗША. І ў сувязі з гэтым паўстала ў нас такая ўзаемная зацікаўленасць. З аднаго боку, ім патрэбная была краіна, за якую яны маглі б выступіць. А нам патрэбныя былі дзяўчынкі, якія могуць прадставіць краіну. Нашы інтарэсы сышліся. І гэта не каштавала ніводнай капейкі".
Фота: megabook.ru