Беларускі бізнесовец Зінгман распавёў пра затрыманне і вызваленне ў Конга

Беларускі бізнесовец Зінгман распавёў пра затрыманне і вызваленне ў Конга

Беларускі бізнесовец Аляксандр Зінгман разам з Паола Персіка далі прэс-канферэнцыю пасля свайго вызвалення. Яна транслявалася зімбабвійскім тэлеканалам Sly Media Tv, піша reform.by.

19 сакавіка ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга затрымалі групу бізнесоўцаў — беларуса і ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі Аляксандра Зінгмана, італьянскага бізнэсоўца Паола Персіка і гендырэктара кампаніі AFTRADE Алега Водчыца

"У той жа дзень, калі мы прыляцелі, у СМІ распаўсюдзілі артыкулы пра тое, што мы гандляры зброяй і прыехалі ў краіну, каб зладзіць пераварот, што мы навучаем нейкіх вайскоўцаў і гандлюем зброяй. Абсалютная лухта. Мы былі ў шоку", — кажа Зінгман. Ён заявіў, ўто затрыманыя бізнесоўцы сталі ахвярамі дэзінфармацыі, якую хтосьці даў службам бяспекі ДРК.

Па словах Зінгмана, ён не гандлюе зброяй, а займаецца сельскагаспадарчым і горназдабыўным абсталяваннем у некалькіх афрыканскіх краінах, і гэта прывяло яго ў ДРК. 

Дарэчы, галоўны беларускі афіцыёз — газета "СБ. Беларусь сегодня" словы Зінгмана калі не абвяргае, то прынамсі ставіць пад сумнеў: "Канкрэтна ад нашай краіны прапаноўвалася прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", МЗКЦ. І вось гэты пералік прадпрыемстваў практычна цалкам закрывае ўсе запыты Конга. Там вельмі патрэбная сельскагаспадарчая тэхніка, кар'ерная і, чаго ўжо маўчаць пра відавочнае, вайсковая таксама патрэбна. Канфлікты ўрэгуляваць з вайсковай тэхнікай значна зручней, чым без такой".

Зінгман кажа, што іх 12 дзён дапытвалі прадстаўнікі чатырох спецслужбаў ДРК. Ім не давалі затэлефанаваць каму-небудзь.

"Пасля ўсяго гэтага ў ізалятары і ўсіх праверак і пытанняў яны падрыхтавалі вялікую справаздачу, што ў чатырох службаў бяспекі ДРК няма да нас прэтэнзій, што мы не маем дачынення да гандлю зброяй, што мы не маем дачынення да падрыхтоўкі вайскоўцаў, а вядзем легальны бізнес у сельскай гаспадарцы і прыехалі для праектаў у сельскай гаспадарцы і здабычы карысных выкапняў", — распавёў бізнесовец.

Раніцай 31 сакавіка іх вызвалілі, не выставіўшы абвінавачванняў, і бізнесоўцы адправіліся ў Зімбабве.

Зінгман мяркуе, што аперацыя супраць іх была спланаваная загадзя: артыкулы пра гандаль зброяй з'явіліся ў прэсе адразу пасля затрымання, а ў аэрапорце іх ужо чакалі. Па словах беларускага бізнесоўца, падчас ранейшых візітаў у краіну ён двойчы сустракаўся з былым прэзідэнтам ДРК Жазэфам Кабілам, але абмяркоўваў толькі пытанні сельскай гаспадаркі, а не пастаўкі зброі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі