Беларускі цяжкаатлет трапіў у допінг-скандал
Беларускі цяжкаатлет Мікалай Новікаў, які ўжо скончыў прафесійную спартыўную кар'еру, трапіў у допінг-скандал. Падчас пераправеркі яго пробы, узятай падчас Алімпіяды 2012 года, выявілі два анаболіка — дэгідрахлорметылтэстатэрон і станазалол, інфармуе прэс-служба Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі.
Мікалаю Новікаву 32 гады. Ён — ураджэнец Добруша. Выступаў у катэгорыі да 85 кг. На чэмпіянатах Еўропы тройчы заваёўваў бронзу (у 2009, 2010 і 2015 гадах). На летняй Алімпіядзе 2012 года ў Лондане быў сёмым. Каля дзесяцігоддзя таму ў адным з інтэрв'ю Новікаў прызнаўся, што марыць стаць трэнерам, хоча вярнуцца ў Добруш і трэніраваць маладых хлопцаў.