Беларускі дыпламат на сесіі ААН заклікаў не казаць, што ў Беларусі — "рэжым"
Прадстаўнікі афіцыйнага Мінска не хочуць чуць на міжнароднай арэне пра тое, што ў краіне пануе рэжым.
Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч падчас дыскусіі па вусным дакладзе УВКПЧ ААН па правах чалавека ў рамках 48-й сесіі Савета ААН па правах чалавека. Беларускі дыпламат заклікаў выключыць тэрмін "рэжым" у дачыненні да краіны.
"Прашу выключыць з ужывання ў дачыненні да Беларусі тэрмін "рэжым". Урад і ўсе астатнія дзяржаўныя рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады і кіравання Беларусі сфармаваныя ў адпаведнасці з воляй большасці беларускага народа, выяўленай на выбарах, Канстытуцыяй краіны і яе законамі", — заявіў Амбразевіч.
Пратэсты 2020 года ён назваў мяцяжом, які кіраваўся з-за мяжы. Амбразевіч праігнараваў той факт, што пратэсты былі выкліканыя парушэннямі і фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах.
"Выкарыстоўваючы слова "рэжым", вы абражаеце пераважную большасць маіх суграмадзян, бо супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку праваахоўных – гэта іх родныя людзі", — паведаміў дыпламат.
Ён таксама заклікаў ўстрымацца "ад суб'ектыўных ацэнак і кваліфікацый дзеянняў суверэннай дзяржавы ў якасці незаконных, адвольных і т. п., агучаных вамі з прэтэнзіяй на канчатковую ісціну, як калі б вы ўжо прадстаўлялі ў гэтай зале нейкі прызнаны ўсімі суд".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.