Беларускі рынак можа застацца без новых аўтамабіляў

Продажы новых машын у аўтасалонах амаль роўныя нулю, дылеры звальняюць супрацоўнікаў і шукаюць меншыя памяшканні для сваіх салонаў, а некаторыя ўвогуле плануюць сысці з рынку.
Гэтую сітуацыю, паводле словаў экспертаў, выклікала розніца ў растаможцы для фізічных і юрыдычных асоб. І калі так будзе заставацца і далей, лічыць рэдактар газеты “Аўтабізнэс” Дзмітрый Навіцкі, то гэта можа стаць катастрофай для аўтадылераў.

Дзмітрый Навіцкі: “Гэтая сітуацыя для дылераў катастрафічная. Кожны дзень такой сітуацыі, калі для юрасоб адна растаможка, а для фізасоб — іншая, для іх стратны. Практычна ва ўсіх продажы калі не роўныя нулю, то мізэрныя. І афіцыйныя дылеры трымаюцца толькі за кошт продажу запчастак і паслуг — сэрвісу”.

Згодны з такой ацэнкай сваёй працы і Аўдрус Шатас, дырэктар кампаніі “Аўтаідэя”, якая з’яўляецца афіцыйным дылерам BMW у Беларусі. Продажы ў іх сёлета фактычна роўныя нулю.

Аўдрус Шатас: “Зараз атрымліваецца, што аўтадылеры, якія працуюць у Беларусі, працуюць у халастую. Прыходзіць кліент, мы даем інфармацыю, расказваем пра аўтамабілі, ён нам дзякуе, сядае ў самалёт і ляціць у Нямеччыну. Ён пра машыну ўжо ўсё ведае, ведае, як яе можна ўкамплектаваць — едзе і набывае машыну там. Навошта, выходзіць, нам трымаць людзей — каб працавалі як бясплатнае інфармбюро?”

Афіцыйны дылер Peugeot у Беларусі кампанія “Аншэр-аўтасэрвіс” здолела сёлета захаваць цэны на новыя аўтамабілі на ўзроўні леташніх. Дамаўляюцца аб пастаўках па нізкіх коштах з заводам, прыдумляюць нейкія акцыі. Але, нягледзячы на гэта, маркетолаг кампаніі Валянцін Трыгорлаў апісвае сітуацыю не самымі яркімі фарбамі.

Валянцін Трыгорлаў: “Сітуацыя сапраўды такая, у тым ліку і ў нас: нягледзячы на тое, што ў нас вельмі добрыя цэны, пакупнікоў на сённяшні дзень не шмат. Падзенне продажу ў цэлым па рынку складае каля 75%”.



А супрацоўніца аддзела маркетынга афіцыйнага дылера Subaru ў Беларусі Вольга прызнае, што сітуацыя з рознай растаможкай для юрыдычных і фізічных асоб вядзе да страты іх кампаніяй беларускага рынка.

Вольга: “Калі ёсць розніца растаможкі для юрыдычных асоб і фізічных, зразумела, што большасць фізічных асоб будуць карыстацца гэтай магчымасцю і аўтамабілі будуць набываць за мяжой. Адпаведна, юрыдычныя асобы будуць губляць гэты рынак”.

І сапраўды: навошта плаціць больш, калі ёсць магчымасць зэканоміць? Тым больш, што эканомія, згодна з падлікам рэдактара “Аўтабізнэса”, атрымліваецца значная.

Дзмітрый Навіцкі: “Калі растаможваць на юрасобу, то растаможка машыны з рухавіком аб’ёмам 5 літраў складае каля 24 тысяч еўра. А на фізасобу — каля 3 тысяч еўра. З-за гэтай розніцы пакупнікі дарагіх машын пацягнуліся за мяжу”.

А эканомія на новым BMW, кажа дырэктар кампаніі “Аўтаідэя” Аўдрус Шатас, складае каля 10 тысяч еўра. І таму ён ужо думае пра закрыццё салона.

Аўдрус Шатас: “Што будзе далей? Вельмі цяжка будзе. Магчыма, нават і закрывацца трэба будзе. Калі не патрэбныя тут замежныя інвестыцыі, не патрэбны легальны бізнес...”

У тое, што ўсе аўтасалоны раптам закрыюцца і знікнуць, Дзмітрый Навіцкі не верыць. Але што сітуацыя з рознымі растаможкамі моцна па іх ударыць, не сумняваецца.

Дзмітрый Навіцкі: “Яны не сыдуць, але пачнуць займацца нейкім іншым бізнесам. Але тое, што дробныя дылеры знаходзяцца на мяжы разарэння, гэта праўда. Людзі звальняюцца. І практычна ўсе дылеры скарацілі штат: і аддзел продажу, і аддзел маркетынгу, і рэкламы, і гэтак далей”.

Не толькі скарачаць штат, але і шукаць меншае памяшканне для салона плануе бліжэйшым часам дырэктар салона BMW Аўдрус Шатас.

Аўдрус Шатас: “Трэба змяншаць свае расходы на ўтрыманне салона, пераязджаць у іншае памяшканне, змяншаць сам салон, звальняць людзей… І чакаць”.

А чакаюць дылеры, што ўлады зразумеюць нелагічнасць сённяшняй сітуацыі з растаможкай і зробяць яе роўнай для ўсіх. Інакш, кажа маркетолаг салона Peugeot Валянцін Трыгорлаў, людзі стануць больш арыентавацца на патрыманыя аўтамабілі ды пачнуць набываць двухгадовыя, аднагадовыя машыны.

У той жа час усе дылеры ў адзін голас заявілі, што ў іх няма ніякага жадання вяртацца ў мінулае і распрацоўваць нейкія "шэрыя" схемы працы — каб неяк выжыць. Усе хочуць працаваць празрыста і легальна. Так і прыемней, і бяспечней.

Фота: Змітра Лукашука

Таксама па тэме:

На аўтарынках пануе "цішыня"
У Мінску немагчыма набыць новы аўтамабіль

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі