Беларускі сацстандарт: 2 брыгады хуткай дапамогі на 15 тысяч чалавек

Беларускі сацстандарт: 2 брыгады хуткай дапамогі на 15 тысяч чалавек

Беларускі ўрад змяніў сацыяльны стандарт па забеспячэнні жыхароў краіны брыгадамі хуткай дапамогі. Асобныя стандарты дзейнічаюць для абласцей і для горада Мінска.

Калі ў раёне жыве да 15 тысяч чалавек, норма для яго — дзве брыгады хуткай дапамогі. Пры насельніцтве ад 15 да 35 тысяч чалавек норма павялічваецца з дзвюх да трох брыгад. На кожныя 12 тысяч чалавек звыш 35 тысяч дадаецца па адной брыгадзе хуткай дапамогі.

Раней разлік быў прасцейшым: на кожныя 12 тысяч чалавек — адна брыгада хуткай дапамогі.

Мінск таксама закранулі змены. Цяпер жыхарам сталіцы прызначаная адна брыгада хуткай дапамогі на 12 тысяч чалавек. Раней было на 12,5 тысячы.

Пры гэтым стандарт забеспячэння спецыяльнымі аўтамабілямі "медыцынскай дапамогі" застаецца ранейшым. На амбулаторыі і бальніцы сястрынскага дагляду — адна спецыяльная машына. Такая ж норма і для ўчастковых бальніц, дзе менш за 20 ложкаў. Для тых, дзе больш за 20 ложкаў — дзве машыны і ніякіх далейшых павелічэнняў.

А вось сацыяльны стандарт забеспячэння беларусаў участковымі дактарамі і дактарамі агульнай практыкі амаль не змяніўся. У краіне мусіць працаваць адзін доктар на 1,3 тысячы жыхароў.

Раней у пастанове быў прапісаны тэрмін, да якога сацыяльныя стандарты павінны быць выкананыя. Урад новай пастановай прыбраў іх. Замест гэтага згадваецца праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года.

Сістэма сацыяльных стандартаў з'явілася ў 2003 годзе. Прапісаныя ў ёй стандарты амаль што кожны год змяняюцца. Параметры, якія яна прадугледжвае, з'яўляюцца абавязковымі для арганізацый усіх форм уласнасці, не важна, дзяржаўнай або прыватнай. Гэтыя ж стандарты ўплываюць на фармаванне рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі