Беларускі суд адмовіў у бежанстве 70-гадовай жанчыне з Бярдзянска
Любоў Шапавалава
У Беларусі папрасіла абарону 70-гадовая грамадзянка Украіны — руская паводле нацыянальнасці. Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі даў ёй дадатковую абарону, але адмовіўся даць статус бежанца. Жанчына абскардзіла рашэнне, але суд стаў на бок Дэпартамента, выявіла "Медыязона".
Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", жанчыну завуць Любоў Шапавалава. Заяву на статус бежанца яна падала ў красавіку 2022-га. А ў студзені 2023 года Дэпартамент па міграцыі даў ёй дадатковую абарону на адзін год, але ў бежанстве адмовіў праз адсутнасць падстаў.
У заяве ў суд жанчына напісала, што ў Беларусь прыехала "транзітам праз тэрыторыю РФ". Як вынікае з кантэкста дакумента, адбылося гэта пасля пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Шапавалава заявіла, што хоча атрымаць абарону ў Беларусі, бо не жадае вяртацца ва Украіну "ў сувязі з асцярогамі за сваё жыццё з прычыны ўзброенага канфлікту, які там адбываецца".
Як гаворыцца ў судовым рашэнні, пры запаўненні анкеты і падчас сумоўя жанчына не казала, што баіцца пераследу ва Украіне па прыкмеце нацыянальнасці. "Рускія складаюць 17,3% насельніцтва У.. Інфармацыі пра пераследы рускіх па нацыянальнасці ва У., у тым ліку пасля пачатку "спецыяльнай ваеннай аперацыі" Р.Ф. супраць У., у агульнадаступных і дакладных крыніцах няма. Аб адсутнасці пераследаў па нацыянальнай прыкмеце сведчыць таксама тое, што сястра заяўніка пражывае ва У. і не падвяргаецца якім-небудзь пераследам або дыскрымінацыі", — гаворыцца ў судовым дакуменце.
Таксама суд устанавіў, што жанчына ніколі не зазнавала пераслед або дыскрымінацыю з боку ўкраінскіх уладаў.
Таму суд прыйшоў да высновы, што Дэпартамент па міграцыі прыняў слушнае рашэнне, адмовіўшы Шапавалавай у статусе бежанкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.