Беларускім прадпрыемствам плануюць даць падатковыя вакацыі
Падатковыя вакацыі плануецца абвясціць для беларускіх прадпрыемстваў, паведаміў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.
"Такое даручэнне дадзена прэм'ер-міністрам. Сумесна з зацікаўленымі, у першую чаргу з Мінфінам, галіновымі міністэрствамі, яно будзе разгледжана, і будзе прынята рашэнне", — цытуе БЕЛТА словы Налівайкі.
Па яго словах, гаворка ідзе пра адтэрміноўку па выплаце падаткаў. Аднак пра дэталі міністр казаць адмовіўся: маўляў, усё яшчэ распрацоўваецца, рашэнне павінна быць прынятае да канца месяца.
Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц пракаментаваў магчымасць прадастаўлення крэдытных вакацый прадпрыемствам. Па яго словах, такія меры неабходныя, каб банкі маглі больш гнутка падыходзіць да запазычанасці прадпрыемстваў у залежнасці ад сітуацыі.
А вось наконт крэдытных вакацый для фізічных асоб Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам ужываць індывідуальны падыход у кожным выпадку. "Калі ў грамадзян сапраўды будуць вартыя ўвагі акалічнасці, звязаныя з неаплатным адпачынкам, стратай працы ў сувязі з вядомымі абставінамі, то рэкамендавана падыходзіць гнутка з пункту гледжання растэрміноўкі па часе выплаты адсоткаў і асноўнай пазыкі", — заявіў Калечыц.
Масавага росту даўгоў па крэдытах у Нацбанку не чакаюць. Наступствы крызісу, на думку Калечыца, будуць не доўгатэрміновымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.