Беларускую амбасаду ў Бельгіі замазалі чорнай фарбай
На будынак беларускай амбасады ў Бельгіі група з трох невядомых распыліла незмывальную чорную фарбу.
Амабасадар Беларусі ў Бельгіі і Люксембургу Аляксандр Міхневіч выступіў з рэзкай заявай з гэтай нагоды. Ён выказаў надзею, што ўчынак здзейснілі не беларусы. "Знявечаны не толькі будынак, якое адносіцца да бельгійскай архітэктурнай спадчыны, але і дзяржаўная ўласнасць Рэспублікі Беларусь. Бо гэты будынак не належыць ні амбасадару, ні МЗС, ні прэзідэнту, гэта ўласнасць усіх беларускіх грамадзян", — патэтычна заявіў амбасадар.
У сваёй заяве Міхневіч нагадвае, што амбасада дапамагла дзясяткам суайчыннікаў вярнуцца дадому падчас эпідэміі каранавіруса, "выбівала" грошы і абсталяванне для барацьбы з COVID-19 і дамагалася крэдытаў для эканомікі.
Пасля гэтага ён згадвае палітычную сітуацыю ў Беларусі:
"Сёння наша краіна праходзіць складаны этап свайго развіцця. Гучаць розныя, часта супрацьлеглыя думкі. І калі такое меркаванне выказваецца адкрыта, бескарысліва і пераканана, то такі чалавек варты толькі павагі. Калі ж хтосьці спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу такімі подлымі вылазкамі і гадасцямі — такія людзі заслугоўваюць толькі пагарды".
Дарэчы, у адрозненне ад некаторых іншых дыпламатаў Міхневіч раней ніяк не выказваўся пра паслявыбарныя падзеі ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.