Беларускую дыктоўку ў Варшаве прысвяцілі ўкраінскаму народу
У якасці тэксту выбралі “Запавет” Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе Янкі Купалы на беларускую мову.
З нагоды Дня роднай мовы ў Варшаве ініцыятыва “Беларуская Нацыянальная Памяць” 22 лютага правяла дыктоўку. Напісанне дыктоўкі ў падрымку беларускай мовы праводзілася тут сёмы год запар.
Сёлетні тэкст:
ЗАПАВЕДЗЬ
Як памру я, пахавайце
На Ўкрайне мілай,
Сярод стэпу на кургане,
Дзе продкаў магіла:
Каб нязьмеранае поле,
Дняпро і абрывы
Было відна,— было чутна,
Як раве бурлівы!
Як пагоняць з Украіны
У сіняе мора
Кроў варожжу… Во тады я
І нівы і горы —
Ўсё пакіну й да самога
Бога палунаю
Маліцеся… А да тых пор —
Бога я ня знаю!
Пахавайце ды ўставайце,
Кайданы парвіце
І варожай злой крывёю
Волю акрапіце!
І мяне ў сям’і вялікай,
Ў сям’і новай, вольнай,
Не забудзьце памянуці
Добрым ціхім словам.
У напісанні беларускай дыктоўкі прынялі ўдзел 15 чалавек, напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі падпісалі паштоўкі з віншаваннямі палітвязню Яўгену Васьковічу — з нагоды яго Дня Народзінаў.