Беларускую федэрацыю хакея ўзначаліў вясляр Аляксандр Багдановіч
Новым кіраўніком федэрацыі хакея Беларусі стаў Аляксандр Багдановіч. Яго абралі 8 кастрычніка на пазачарговай справаздачна-выбарнай канферэнцыі, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК).
Багдановіч не хакеіст, а вясляр. У 2008 годзе ён стаў чэмпіёнам Алімпіяды ў Пекіне. Ён з'яўляецца чальцом выканкама НАК Беларусі, старшынёй камісіі спартоўцаў НАК Беларусі.
Яго папярэднік Дзмітрый Баскаў быў дыскваліфікаваны Міжнароднай федэрацыяй хакея на пяць гадоў і адхілены ад усіх відаў хакейнай дзейнасці і на нацыянальным, і на міжнародным узроўні. Дысцыплінарны камітэт правёў расследаванне і выявіў, што Баскаў парушыў кодэкс паводзін федэрацыі: пагражаў беларускім спартоўцам і дыскрымінаваў іх за палітычныя перакананні, а таксама злоўжываў сваімі службовымі паўнамоцтвамі для падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля гэтага Баскаў пакінуў пасаду ў ФХБ, а Лукашэнка прызначыў яго ў Савет Рэспублікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.