Беларусы ў Гайнаўцы абураныя маршам польских нацыяналістаў

Беларусы ў Гайнаўцы абураныя маршам польских нацыяналістаў

Беларусы з польскай Гайнаўкі абураныя маршам нацыяналістаў, які прайшоў тут 23 лютага. Акцыя ў гонар Выклятых жаўнераў праходзіць тут ужо некалькі гадоў запар з ухвалы ўладаў. Яе ўдзельнікі ўшаноўваюць памяць жаўнераў Арміі Краёвай, якія пасля ІІ Сусветнай вайны чынілі антыкамуністычны супраціў.

Зімой 1946 года на загад Рамуальда Райса “Бурага” ў Гайнаўцы былі забітыя 79 праваслаўных беларусаў — мірных жыхароў, што кампактна пражывалі ў мястэчку. У сувязі з гэтым акцыі ўшанавання памяці Выклятых жаўнераў шторазу выклікаюць абурэнне ў прадстаўнікоў беларускай меншасці.

Прадстаўнікі руху “Грамадзяне Польшчы” выступілі з афіцыйным зваротам, у якім выказалі абурэнне акцыяй нацыяналістаў. Яны таксама ўшанавалі памяць ахвяраў карнай аперацыі “Бурага” ўскладаннем 79 белых ружаў. Аўтары звароту крытыкуюць польскія ўлады за дапушчэнне падобных акцыяў.

“Нацыяналізм, які сарамліва падмяняецца сёння словамі “гонар”, “нацыянальны прагматызм” або “патрыятызм”, уцягнуў Еўропу і Польшчу ў дзьве сусветныя вайны. Ён вяртаецца зноў. Эўфемізмы не змяняюць яго сутнасці — ён застаецца каталізатарам злачынстваў і прымушае кожнага з нас, грамадзяніна Польшчы, задумацца аб нашым мінулым і будучыні, не перад манументальнай статуяй чарговага героя, а ў цішыні, каля магілы ці крыжа на вясковых могілках”, — сказана ў звароце руху “Грамадзяне Польшчы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі