Беларусы ўнутры краіны маўчаць і чакаюць зручнага моманту, каб паўстаць — Пазняк

Зянон Пазняк, ілюстрацыйнае фота

Зянон Пазняк, ілюстрацыйнае фота

У памкненні да дэмакратычных перамен беларускай эміграцыі трэба спадзявацца не на дапамогу Захаду, а на сілы ўнутры Беларусі. Пра гэта заявіў лідар руху "Вольная Беларусь" Зянон Пазняк на сустрэчы з эмігрантамі-суайчыннікамі ў Лодзі.

Па яго словах, якія перадае "Позірк", "гэтая псіхалогія, што нам нехта дапаможа, вельмі глыбока ўкаранілася ў Беларусі", але заходнія краіны маюць свае інтарэсы. Перамен у Беларусі можна будзе дасягнуць толькі тады, калі з’явіцца ўласны моцны рух.

"Нас у Польшчы 120 тысяч налічылі. Але мы — эміграцыя. Палова ці больш за палову тут проста выжываюць. Вялікіх перспектыў тут няма. Нашыя перспектывы — там, [унутры Беларусі]", — заявіў Пазняк.

Палітык паведаміў, што трымае кантакт з Беларуссю і ведае пра настроі людзей: "Я вам скажу, што вельмі шмат людзей толькі чакаюць зручнага моманту, [каб паўстаць]. Лукашэнку ніхто не падтрымлівае. Ну, як ніхто? 20%, напэўна, падтрымлівае. Улічваючы бюракратыю".

Пазняк кажа, што ва ўсіх, хто прыязджае ў Польшчу, ён пытаецца, што новага ў Беларусі: "Што ў тралейбусе, што на вуліцы? Як паводзяць сябе беларусы? Адказ: маўчаць. Калісьці ў Карамзіна спыталі: як там у Расіі. Ён адказаў: воруют-с. А ў Беларусі — маўчаць. Таму што нельга гаварыць, пасадзяць. Але людзі разумеюць, чакаюць моманту. І гэта добра, гэта развіваецца".

Пазняк заявіў, што ёсць канкрэтныя спосабы  барацьбы з рэжымам Лукашэнкі, але іх нельга адкрыта агучваць, бо ўлады змогуць падрыхтавацца. Вялікую ўвагу ён надаў дзейнасці палка Каліноўскага, які лічыць важным складнікам змагання з дыктатурай.

Палітык мяркуе, што беларускую праблему без ужывання сілы развязаць не ўдасца. "Можа, гэтая сіла не ўступіць у барацьбу, але важна, каб яна была. Таму наша пазіцыя: мы абапіраемся на полк усімі магчымымі сродкамі. Дапамагаем, збіраем грошы, на пікапы, аўтобусы, дроны і гэтак далей. У гэтым наша вялікая надзея. Без войска, без узроенай сілы тут нічога не зробім”, — заяўляе Пазняк. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі