Беларусы выйшлі ў 1/4 фіналу чэмпіянату свету па футзале. Відэа
Учора наша зборная выйграла ў каманды Аўстраліі.
Беларуская зборная выйшла ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету па футзале, які праходзіць у Беларусі. У апошнім матчы групавога этапа ў мінскім Палацы спорту была атрымана перамога над зборнай Аўстраліі — 2:1. Арцём Якубаў адкрыў лік на 27-й хвіліне, Аляксей Налівайка на 34-й забівае другі гол, але ўжо праз хвіліну Грант Лінч скарачае разрыў у ліку. Ён, аднак, больш не змяніўся.
Нагадаем, у папярэдніх матчах зборная Беларусі выйграла ў Бразіліі (2:1) і прайграла Уругваю (2:3). Такім чынам, у групе А першае месца занялі ўругвайцы — 9 ачкоў, на другім — Беларусь з 6 ачкамі, у Бразіліі толькі 3 ачкі, у Аўстраліі набраных балаў няма.
22 красавіка ў матчы 1/4 фінала беларусы згуляюць у Палацы спорту са зборнай Парагвая, якая датэрмінова заняла першае месца ў групе В. Ужо вядомы яшчэ дзве пары чвэрцьфіналістаў: Калумбія — Расія, Чэхія — Аргентына. Гэтыя гульні пройдуць заўтра ў брэсцкім спорткомплексе "Вікторыя". Апошняя пара ўдзельнікаў 1/4 фінала стане вядомая сёння.
Нагадаем, паўфіналы чэмпіянату свету пройдуць 24 красавіка на "Мінск-Арэне", там жа на наступны дзень адбудуцца фінал і матч за трэцяе месца.
Фота, відэа: БЕЛТА