"Белнафтахім" хоча 155 мільёнаў долараў кампенсацыі за "брудную" нафту
Кампанія "Белнафтахім" выставіла "Раснафце" рахунак у 155 мільёнаў долараў за забруджаную нафту, піша расійская газета "Коммерсант".
Такую суму, па звестках выдання, назваў кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын у лісце на імя віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Козака. Па яго словах, рахунак у 155 мільёнаў долараў выставіў расійскай кампаніі Мазырскі НПЗ.
Беларускі нафтаперапрацоўчы завод спаслаўся на тое, што ў красавіку "Раснафта" паставіла 443 тысячы тон нафты коштам 185 мільёнаў долараў. З іх 370 тысяч тон былі забруджанымі, і кошт гэтай нафты беларускі бок лічыць нулявым. Адпаведна, НПЗ просіць "Раснафту" добраахвотна вярнуць пераплаты ў 155 мільёнаў долараў. Калі не ўдасца дамовіцца ў пазасудовым парадку, беларускае прадпрыемства гатовае ісці ў ў Арбітражны суд Масквы. Разам з тым Мазырскі НПЗ гатовы весці перамовы пра сувымернае зніжэнне цаны няякаснай нафты.
Між тым, расійскія эксперты заяўляюць, быццам шкоды ад паставак забруджанай нафты на Мазырскі НПЗ на цяперашні час няма. Рэч у тым, што Расія паабяцала вярнуць на сваю тэрыторыю ўсю забруджаную нафту, а ўзамен паставіць чыстую.
Беларускія прэтэнзіі былі перанакіраваныя ў "Транснафту", але, па словах Сечына, кампанія не пацвердзіла, што гатовая іх задаволіць.
Нагадаем, што 19 красавіка канцэрн "Белнафтахім", што пастаўкі расійскай нафты па нафтаправодзе "Дружба" значна пагоршыліся па якасці. Праз некалькі дзён на Мазырскім НПЗ паведамілі, што няякасная расійская сырвіны вывела з ладу дарагое абсталяванне. Частку красавіка і ўвесь травень Мазырскі НПЗ і "Нафтан" працавалі не на поўную загрузку ў сувязі з пастаўкамі забруджанай нафты.
Перамовы наконт кампенсацыі вядуцца ўжо некалькі тыдняў, але афіцыйна бакі не паведамляюць, пра якія сумы ідзе гаворка. Міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак у гутарцы з журналістамі казаў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе складае не больш за 100 мільёнаў долараў. Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй паездкі на "Нафтан" абураўся, што расіяне ацанілі беларускія страты вельмі нізка — у 20 мільёнаў долараў.