Без аплатак і з анлайн-імшой: як каталікі адзначаць Божае Нараджэнне — 2020
19 снежня Бэтлеемскі агонь прыбыў у Беларусь / catholic.by
— Не будзем дзяліцца аплаткамі. Раней пасля службы раздаваліся аплаткі, і пробашч ішоў з кожным дзяліцца. Сёлета гэтага не будзе. Масачны рэжым — абавязковы, антысептык для рук — абавязковы. Рассадка вернікаў — на меркаванне пробашча, — так прэс-сакратар каталіцкай царквы Юрый Санько расказвае Еўрарадыё пра абмежаванні, якія COVID-19 накладвае сёлета на святкаванне Божага Нараджэння.
Каталікі на ўсю моц рыхтуюцца да свята. 19 снежня ў Беларусь прывезлі Бэтлеемскі агонь.
— Адмяніліся сустрэчы біскупа з прыхаджанамі, — працягвае Санько. — Усё астатняе будзе традыцыйна, на ўзроўні парафій. Увечары 24 снежня будзе Пастырская імша, "пастэрка". А 25 снежня, як звычайна, будуць набажэнствы ў парафіях.
Пасланне ад кіраўніка каталіцкай царквы Беларусі, які вымушана знаходзіцца цяпер за мяжой, ужо гатовае.
— Традыцыйнае пасланне ён ужо напісаў, мы яго ўжо разаслалі, святары будуць чытаць яго 25 снежня. Ці будзе відэазварот — будзем думаць. Можа, Тадэвушу Кандрусевічу нават удасца вярнуцца. Не ведаем.
Тыя прыхаджане, якія не рызыкнуць ісці ў храмы, змогуць паглядзець анлайн-трансляцыю.
— Анлайн-імша ў нас пастаянна ідзе з вясны на catholic.by, таксама пастаянна ідзе анлайн-трансляцыя з Чырвонага касцёла, — кажа Юрый Санько. — З іншых парафій вядуцца трансляцыі праз інстаграм.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.