"Без Білета" "Море"
Шостая па ліку пласцінка смарт-поп гурта, прысвечаная мору і любові.
"Без Білета" выпусцілі новы альбом "Море". Таму што мора — гэта жарсць і мара музыкаў, месца, якое прыводзіць у парадак думкі і цела, і якое кліча да сябе няспынна.
Новы альбом "Без Білета" працягвае эксперыменты, пачатыя ў "Афрыцы" і асіміляваныя ў "Звязде". Але Артыст і кампанія ідуць яшчэ далей, дадаючы ў "Море" дыска. Віталь кажа, што на пласцінцы адчуваецца атмасфера прац Daft Punk і Empire of the sun, што ў яго атрымалася такая ж светлая і "балдзёжная" музыка, як у заходніх калег. Daft Punk, праўда, у "Моры" расслухаць цяжкавата, але якасны, безбілетны "смарт-поп" тут прадстаўлены ў лепшым выглядзе.
Калі альбом "Африка" успрымаўся як мара, а "Звезда", як імкненне да касмапалітызму, то ў "Море" ёсць проста святло, жыццё і любоў. Музыкі падкрэсліваюць, што тут няма ніякіх пратэстаў. Магчыма таму, "Море" слухаецца больш лёгка. У "Звяздзе" Віталь прадэманстраваў, што можа не "мудрыць" у тэкстах, а гаварыць пра глыбокае проста. У "Море" "Без Білета" даходзяць да мяжы аскетычнасці, калі і музыка і тэксты дапаўняюць адно адно, калі словы і музыка аднолькавыя па значнасці, вазе і дынаміцы. Калі глыбокае ўжо само мора, а ад цябе патрэбна толькі сузіранне.
Віталь Артыст і далей гне сваю лінію. "Без Білета" працягвае ствараць "прыгожую і разумную" папулярную музыку. За якую не сорамна.