Гурт “БезБилета” прэзэнтаваў новы альбом на касеце (ФОТА)
Прэзентацыя новага альбома “На кассете” гурта “БезБілета” прайшла ў Дзень усіх закаханых — 14 лютага. На канцэрт у сталічны клуб Re:public прыйшло некалькі соцень чалавек. Музыкі гралі старыя і любімыя песні ў цалкам новым гучанні.
Гучанне “безбілетнікаў” стала нашмат бліжэйшым да электронікі. А на сцэне кампанію Віталіку Артысту цяпер складаюць толькі гітарыст і дыджэй.
Новы альбом “На кассете” адметны і тым, што ўпершыню за шмат гадоў вядомы беларускі гурт выпускае новыя трэкі на сапраўднай плёнцы. А калі казаць дакладна, то на звычайнай касеце.
Публіка з радасцю падтрымала такія змены — новы гук любімых песень усё так жа прымушае слухачоў скакаць, крычаць і ў такт махаць рукамі. Энергетыка нікуды не падзелася, а Віталік Артыст па-ранейшаму можа зарадзіць людзей неверагодным настроем сваёй музыкі.