"Без Білета" выпусцілі disсо-дыск пра жыццё і пра мора

"Без Білета" выпусцілі новы, шосты па ліку альбом "Море".


"Паўгода таму, калі я напісаў песню "Ямайка" і працягваў пісаць іншыя трэкі для альбома, я думаў, што ён будзе называцца "Мір і любоў", таму што ўсё гэта ёсць у пласцінцы, — узгадвае Віталь Артыст. — Але калі мы трапілі на мора восенню, я зразумеў, што альбом атрымае назву "Море". Проста мора — гэта наша жарсць, мы з Таняй (Таня Кушнер — жонка Віталя і сааўтар песень "Без Білета", — заўв. аўтара) "памяшаныя" на моры. Гэта тое, што нам цікава".


У пласцінку ўвайшлі 10 трэкаў. На думку Віталя, дыск атрымаўся адным з найлепшых у дыскаграфіі гурта. "Там без пратэстаў, проста пра жыццё і пра мора, пра каханне і пра сонца. Балдзёж поўны", — працягвае музыка. І дадае:


"Гэта свайго роду рэтра-дыск. Каб у нас цалкам змяніўся стыль, такога няма. Ён удакладніўся, музыка стала яшчэ больш disсо. Мы робім тое, што цікава. Я ўжо распавядаў, што ўвесь мінулы год мы cлухалі Daft Punk і Empire of the sun — светлая музыка, на наш погляд. І ў альбоме "Море" адчуваецца, што атмасферна мы ў такога кшталту музыцы плавалі апошнім часам".


Па словах Віталя, дыск можа стаць апошнім паўнавартасным рэлізам "Без Білета". У будучыні музыкі плануюць выпускаць песні невялікімі порцыямі, але даволі часта. Дарэчы, "Море" усё ж выйдзе на фізічных носьбітах невялікім "падарункавым" накладам. На вокладцы можна будзе назіраць 2 моры — Міжземнае і Чорнае а таксама Індыйскі акіян.


У бліжэйшых планах музыкаў, прыйсці ў сябе пасля шматлікіх прэзентацый пласцінкі і разам з фэнамі выбраць кампазіцыю з альбома, на якую будзе зняты наступны кліп "Без Білета".

Набыць дыск можна тут.

Фота прадастаўлена гуртом
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі