Бізнесмена Юрыя Авяр'янава, які хаваецца за мяжой, абвясцілі ў міжнародны вышук
Бізнесмен Юрый Авяр'янаў, які апошнія некалькі гадоў хаваецца ад беларускага правасуддзя за мяжой, абвешчаны ў міжнародны вышук. Пра гэта 27 кастрычніка на пасяджэнні аб'яднанай калегіі Генеральных пракуратур Беларусі і Расіі ў Мінску заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.
"Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па арт.243 КК РБ, які тычыцца выплаты падаткаў. Зараз дакладную суму, якую яму прад'яўляе следства, назваць не магу", — цытуе Наскевіча TUT.by.
Юрый Авяр'янаў — заснавальнік і саўладальнік буйных рынкаў і забаўляльных установаў у Мінску. Неўзабаве пасля распаду СССР ён адкрыў знакаміты рэчавы рынак у цэнтры сталіцы на стадыёне "Дынама". Гандлёвыя месцы там арандавалі больш за 2000 чалавек.
У 1994 годзе прадпрымальнік пераканаў гарадскія ўлады перанесці напаўстыхійны аўтамабільны рынак у раёне стадыёна "Лакаматыў" на пляцоўку за мінскай кальцавой дарогай — побач з мікрараёнам "Малінаўка". З часам ён стаў самым буйным у Беларусі. Да аўтарынка дадаўся рынак будаўнічых матэрыялаў. Свае актывы Авяр'янаў аб'яднаў у ЗАТ "Гандлёвы свет — Кальцо".
Другі буйны напрамак у бізнэсе Авяр'янава — забаўляльныя ўстановы. Ён стварыў у Мінску першы боўлінг-цэнтр Madison Club, першы кінатэатр пад адкрытым небам, адкрыў культавыя "Макс-шоу" і "Бліндаж", парк атракцыёнаў "Дрымлэнд".