Таленавітая беларуская біятланістка, 21-гадовая Блашко атрымала ўкраінскі пашпарт восенню 2017-га. Указ падпісаў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Не стану выступаць за Беларусь ні на якіх умовах, казала тады спартсменка. У яе была крыўда — Беларуская федэрацыя біятлона не выдзяляла сродкі на закупку інвентару, на зборы часам даводзілася ездзіць за свой кошт. Таксама Блашко сцвярджала, што ў Беларусі ў ёй "не бачылі перспектывы", лічылі, што яна не зможа палепшыць паказнікі хуткасці. У адным з інтэрв'ю яна казала, што пасля паспяховага юніёрскага чэмпіянату свету, дзе біятланістка заваявала два залатыя медалі, яе трэнера не сталі ўключаць у трэнерскі склад зборнай. У выніку ён перайшоў у зборную Украіны і спартсменка вырашыла працягваць трэніравацца ў яго.
У лютым 2018 года стала вядома, што Дар'я Блашко не зможа ўдзельнічаць у афіцыйных стартах цягам двух гадоў — Беларуская федэрацыя біятлона адмовілася скарачаць або скасоўваць 2-гадовы каранцін (ён аўтаматычна накладаецца на спартсмена пры змене грамадзянства).
Паводле слоў Блашко, яна была ў канцы 2017-га ў Наваполацку, калі паступіла прапанова аб сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Але яшчэ перад гэтым яна мела размову са старшынём КДБ і федэрацыі біятлона Валерыем Вакульчыкам. Размова з Лукашэнкам была доўгай, яна працягвалася "гадзіну-паўтары".
"Быў пэўны стрэс, таму што там чакала сустрэча з чалавекам, які займае самы высокую пасаду ў краіне, — распавядае біятланістка. — Акрамя таго, я зусім не ведала, пра што будзе гутарка. І нават не меркавала, на якую тэму ён пяройдзе. Скажу шчыра, была поўная невядомасць".
У выніку, кажа Блашко, яны "вельмі цёпла пагутарылі". "Думаю, зразумелі адзін аднаго ў нейкі момант і не развіталіся на негатыўнай ноце", — успамінае спартсменка. Яна сказала кіраўніку дзяржавы, што ўжо агучыла сваё рашэнне і змяніць яго не магла.
Блашко: "Былі моманты ў размове, калі ён прапаноўваў вярнуцца, але я адказвала выразна: "Не".