Больш пакаранняў не значыць больш даверу: што нясе новы закон аб дзяржслужбе

Якасць рашэнняў, якія прымаюць чыноўнікі, можа пагоршыцца / Еўрарадыё
Якасць рашэнняў, якія прымаюць чыноўнікі, можа пагоршыцца / Еўрарадыё

Праект закона "Аб дзяржаўнай службе" прайшоў першае чытанне ў парламенце. Паняцце "службовай этыкі", якое ў ім уводзіцца, збліжае яго па духу з воінскім статутам. Хоць дакумент і прызначаны для грамадзянскіх асоб.

— Невыкананне патрабаванняў службовай этыкі пацягне прымяненне да грамадзянскага службоўца мер дысцыплінарнага ўздзеяння, — расказвае міністр працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч.

"Адэкватныя людзі сыдуць"

Дырэктар SYMPA/BIPART Наталля Рабава адзначае, што пытанне пра этыку і адказнасць дзяржслужбоўцаў не новае — і дакладна з'явілася не пад уплывам падзей гэтага лета. Яно абмяркоўваецца ўжо два гады.

Больше наказаний не значит больше доверия: что несёт новый закон о госслужбе

— Новым законам рэгламентуецца, за якія парушэнні што належыць. Гэта шкодная рэч. Выказваліся ўжо думкі, што апошнія адэкватныя людзі сыдуць з дзяржслужбы, — кажа Рабава. — Этычны кодэкс, як ён існуе ў іншых краінах, нясе зусім іншыя функцыі.

Сёння дзяржслужба [ў Беларусі] не становіць сабой нічога прывабнага ні ў фінансавым плане, ні ў ідэалагічным. Калі толькі вы не аматар падтрымліваць катаванні. А тут яшчэ і становішча мацней заціскаюць.

Эксперт адзначае, што калі ўрад мае на ўвазе збліжэнне дзяржаўнай службы з вайсковай, то яе мае сэнс рэгламентаваць чымсьці накшталт статута. Але гэта адаб'ецца на якасці рашэнняў, якія будуць прымаць чыноўнікі.

— Адна рэч, калі вы працуеце ў Мінфіне, Нацбанку і не падпарадкоўваецеся вайсковаму статуту. Іншая рэч, калі, груба кажучы, сілавікі расказваюць, што цяпер вам трэба жыць па статуце.

Міністр лічыць, што развіццё інстытута этыкі на грамадзянскай службе павысіць давер насельніцтва да дзяржорганаў і імідж дзяржслужбы ў цэлым.

— Яна [Ірына Касцевіч. — Еўрарадыё] зыходзіць, відаць, з таго, што чым больш жорстка прапісаныя пакаранні, тым больш насельніцтва давярае дзяржслужбоўцам, ведаючы, што ім там "нічога нельга". Але гэта нейкі перакулены свет. Таму што ў рэальнасці мы бачым, што асобным катэгорыям нашых грамадзян можна ўсё і закон для іх наогул не працуе. Адкуль тут можа паўстаць давер?

І наадварот, давер да эканамічных уладаў, і ў прыватнасці да Нацбанка, ёсць, таму што яны дэманструюць адносную незалежнасць, — падкрэслівае Наталля Рабава.

Як павінен працаваць нармальны этычны кодэкс?

У сваёй працы дзяржслужбоўцы рэгулярна сутыкаюцца з пытаннямі, спрэчнымі з пункту гледжання этыкі. Напрыклад, што рабіць з падарункам ад партнёраў? Хто павінен распараджацца бонусамі авіякампаніі, якія атрымала нейкае міністэрства? Якраз для таго, каб гэтыя пытанні вырашаліся справядліва, у "звычайнай" сітуацыі і патрэбны этычны кодэкс.

— Ён патрэбны, каб пазначыць асноўныя каштоўнасці, якія мяркуецца падзяляць дзяржслужбоўцу. Патрэбны базавыя прынцыпы, каб у выпадку спрэчнай сітуацыі, калі не зусім зразумела, як трэба зрабіць, абапірацца на іх. Бо ўсе канкрэтныя выпадкі не прапішаш, — падсумоўвае Рабава.

Менавіта так можна вырашыць частку праблем, звязаных з парушэннем антыкарупцыйнага заканадаўства. А вось драконаўскія пакаранні, прапісаныя ў законах і дэкрэтах, не дапамагаюць. Гэта паказвае практыка, бо карупцыйныя справы рэгулярна заводзяцца супраць беларускіх чыноўнікаў з самых розных сфер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі