Бойка ва ўкраінскім парламенце: яйкі, дым і слезацечны газ

Вярхоўная Рада ратыфікавала пагадненне аб размяшчэнні расійскага флоту ў Севастопалі да 2042 года. Працэдура адбывалася для праўладнай кааліцыі у дужа складаных умовах: дымавыя шашкі, яйкі, парасоны – унутры сесійнай залы і масавая акцыя пратэсту – вакол будынку Вярхоўнай рады.

Апазіцыя ўсялякімі метадамі намагалася заблакаваць ратыфікацыю, якая павінна была адбыцца сінхронна з аналагічнай працэдурай у расійскім парламенце.

Рэгіяналы рыхтаваліся да гэтага дня яшчэ з суботы: яны выгналі з сесійнай залы прыбіральшчыц і ўзялі пад кругласутачны кантроль прэзідыум і трыбуну парламента.


Магчыма, таму сёння старшыня Вярхоўнай рады Уладзімір Літвін без боязі, хаця традыцыйна з аховай, падышоў да свайго працоўнага месца. Але як толькі ён сеў ― у яго паляцелі сырыя яйкі. Падобна, што гэта не стала для спікера нечаканым: ахова адразу раскрыла над ім парасоны. Але і гэтыя меры бяспекі не выратавалі ― адно яйка ўсё ж у яго патрапіла, але не зважаючы на гэта ён абвясціў рэгістрацыю дэпутатаў.



Апазіцыйныя фракцыі ― Блок Юліі Цімашэнкі і праюшчанкаўская "Наша Украіна – Народна самааборона" ― накрылі працоўныя месцы кааліцыянтаў вялікімі дзяржаўнымі сцягамі Украіны, а калі "рэгіяналы" пачалі іх здымаць ― імгненна ўзнікла бойка, якую змаглі прыпыніць толькі дымавыя шашкі.

Хто іх кінуў – не разбіраліся, але ў гэтай дымавой завесе спікер паспеў агучыць ратыфікацыю, за якую прагаласавалі 236 дэпутатаў. Адначасова ўладнай кааліцыі ўдалося працягнуць і дзяржаўны бюджэт на 2010 год – адразу цалкам замест трох чытанняў.




Адразу пасля пасяджэння Вярхоўная рады прем'ер-міністр Украіны Мікола Азараў заявіў, што ўрад задаволены вынікамі.

"Мы, урад, глыбока задаволеныя тым фактам, што Вярхоўная Рада большасцю галасоў, а ў кожнай цывілізаванай дэмакратычнай краіне менавіта большасцю галасоў вызначаюць палітыку дзяржавы, і ніякія яйкі, ніякія дэмаршы, ніякія мардабоі, ніякія блакады не павінны, па сутнасці, перашкодзіць дэмакратычнай большасці прымаць рашэнні ў інтарэсах большасці народа".


Дэмакратычныя сілы заявілі пра сваю нязгоду і пайшлі за падтрымкай ў народ – праз дарогу ад парламента. Нягледзячы на тое, што міліцыя перашкаджала людзям сабрацца, некалькі тысяч патрыётаў дачакаліся сваіх лідэраў. Адна з іх ― Юлія Цімашэнка ініцыявала стварэнне па ўсёй краіне асяродкаў Камітэту абароны Ўкраіны, каб прымусіць уладу абвясціць пазачарговыя выбары ў парламент. Лідар апазіцыі перакананая, што толькі такім чынам можна забяспечыць фармаванне ў Вярхоўнай Радзе патрыятычнай канстытуцыйнай большасці і дэнансаваць падпісаныя прэзідэнтам здзелкі па Чарнаморскім флоце.

"Калі патрыятычныя сілы здольныя будуць падняць кожнага чалавека, які зможа прагаласаваць, мы зможам атрымаць у Вярхоўнай Радзе і 300 галасоў, калі папрацуем так, як сёння патрэбна Украіне", ― падкрэсліла Юлія Цімашэнка.

На яе думку, пасля фарміравання дэмакратычнай большасці ў парламенце можна будзе таксама распачаць працэдуру імпічменту Віктара Януковіча.

“Толькі праз парламент, праз большасць у парламенце мы можам пазбавіцца ад Януковіча і ад яго недапушчальнай для Украіны палітыкі. Гэта наш з вамі шлях".

Заўтра ж Юлія Цімашэнка збіраецца ў паездкі па рэгіёнах краіны, каб, з аднаго боку распавесці грамадскасці пра антыўкраінскую палітыку новай улады, а з іншага ― заручыцца падтрымкай у патрабаванні пазачарговых парламенцкіх выбараў.

Наступным разам акцыя непадпарадкавання прызначаная на 11 траўня ― у першы дзень пасяджэння Вярхоўнай рады пасля вясновых вакацыі.

Фота: УНІАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі