Брэсцкае "Дынама" разграміла "Нёман" і стала лідарам чэмпіянату Беларусі
Брэсцкае "Дынама" ў 9 туры чэмпіянату Беларусі па футболе на сваім полі разграміла гродзенскі "Нёман" з лікам 6:1. У гаспадароў галамі адзначыліся Дзяніс Лапцеў, Джаэль Фамее, Аляксей Хабленка, Аляксандр Наёк, Дэніш Дуартэ і Павел Савіцкі. Госці забілі толькі адзін гол у выкананні Міхаіла Бабічава.
Астатнія матчы 9 тура прайшлі з такімі вынікамі: БАТЭ — "Слуцк" — 3:0, "Дняпро" — "Гомель" — 1:1, "Віцебск" — "Энергетык-БДУ" — 3:0, "Тарпеда-БелАЗ" — "Шахцёр" — 0:1, "Мінск" — "Гарадзея" — 0:3, "Славія" — "Тарпеда" (Мінск) — 2:0.
Брэсцкае "Дынама" ачольвае турнірную табліцу з 23 ачкамі. На другім месцы барысаўскі БАТЭ (21 ачко), на трэцім — салігорскі "Шахцёр" (21). На пазіцыях аўтсайдэраў апынуліся "Мінск" (5 ачкоў) і сталічнае "Тарпеда" (4 ачкі).