Брэсцкі гарадскі выбаркам абралі за 7 хвілін
Паскоранае рашэнне чыноўнікаў дэмактывісты лічаць неправамерным і абскарджваюць яго ў судзе.
Пасeджанне прэзідыума гарадскога савета дэпутатаў і гарвыканкаму праходзіла 27 снежня. На ім абмяркоўвалася стварэнне Брэсцкай гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.
Само паседжанне доўжылася менш за 8 хвілінаў. За гэты час былі зацверджаныя 13 сябраў з 20 прапанаваных кандыдатаў. Ніводзін прадстаўнік апазіцыі ў Брэсцкую гарадскую выбарчую камісію не трапіў.
Са словаў праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, склад камісіі быў літаральна прызначаны па падрыхтаваных спісах.
Вялічкін: "З усяго гэтага мерапрыемства было відаць, што кандыдатуры не разглядаліся і не абмяркоўваліся. Праект рашэння, які быў ухвалены на гэтым паседжанні, рыхтаваўся раней. Гэтыя чальцы падкантрольныя ўладзе, лаяльныя да яе і будуць дзейнічаць у яе інтарэсах".
Мясцовыя праваабаронцы і дэмактывісты падалі скаргу ў абласны суд. Яны запатрабавалі нанова сфармаваць камісію "шляхам сапраўднага абмеркавання ўсіх кандыдатур". Аднак іх патрабаванні суд не задаволіў. Паводле суддзі Анатоля Літоўчыка, ён не мае паўнамоцтваў у разглядзе падобнай справы.
Рашэнне папярэдняй інстанцыі заяўнікі збіраюцца абскардзіць у Вярхоўным судзе.