Брэсцкіх чыноўнікаў патрабуюць пакараць за спробу знесці гістарычны будынак

На яго думку, брэсцкія чыноўнікі і супрацоўнікі камунальных служб здзейснілі замах на знішчэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гаворка вядзецца пра жылы дом №10 па вуліцы Астроўскага.

Яшчэ ў 2006 годзе з гарвыканкама быў дасланы ліст у аблвыканкам з просьбай дазволіць знос гэтага будынка. Зварот падпісаў асабіста кіраўнік гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Палышанкоў.

Па словах Дзяніса Турчаняка, хадайніцтва было задаволенае, не зважаючы на тое, што, паводле заканадаўства, дом зносіць нельга.

"Як растлумачыла Міністэрства культуры, дом па вуліцы Астроўскага, 10 з'яўляўся гісторыка-культурнай каштоўнасцю з 2003-га года. То бок на яго распаўсюджвалася дзеянне закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны". Закон прама забараняе ствараць пагрозу знішчэння, знішчаць і відазмяняць аб'екты без узгаднення з Міністэрствам культуры".

У выніку дом, месца якога магло прыглянуцца інвестарам, так і не знеслі. На думку праваабаронцы, у гэтым не апошнюю ролю сыграла прыцягненне ўвагі грамадскасці. Судовыя пасяджэнні па скандальнай справе цягнуліся некалькі гадоў і неаднаразова асвятляліся ў СМІ.

Тым не менш, крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасць не толькі за само злачынства, але і за спробу яго здзейсніць. Вызначыць вінаватых і пакараць іх акурат і патрабуе Дзяніс Турчаняк ад Генеральнай пракуратуры.

"Пакаранне за пагрозу знішчэння гісторыка-культурнай каштоўнасці невялікае, але важны сам факт пакарання, каб у будучым не адбываліся падобныя дзеянні з боку выканаўчай улады. Яна наўпрост абавязаная ахоўваць гісторыка-культурную каштоўнасць".

Што тычыцца самога дома, то, па апошняй інфармацыі, існуе рашэнне аблвыканкама наконт інвестпраграмы з нагоды добраўпарадкавання будынка. Прапануецца "правесці рэканструкцыю, захоўваючы паверхавасць з улікам сучасных падыходаў да фасадаў, і акультурыць гэты дом". Вядома, што зрабіць гэта немагчыма без перасялення жыльцоў. Па словах Дзяніса Турчаняка, людзі здзіўляюцца, чаму яны павінны страціць права ўласнасці на жыллё ў цэнтры горада і высяляцца ў іншае месца. Таму ставіць кропку ў гэтай гісторыі пакуль рана.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі