Брэсцкія мытнікі не пусцілі ў Расію каля 400 кг італьянскага сыру
Кантрабандны сыр
Брэсцкія мытнікі спынілі мікрааўтобус "Пежо", у якім было схавана каля 385 кг італьянскага сыру, паведамляе прэс-служба ведамства.
Кіроўца "бусіка" — 33-гадовы грамадзянін Беларусі, паведаміў, што транспарт едзе ў Расію парожнім.
Аднак з хованак у мікрааўтобусе мытнікі дасталі 96 каробак сыру гандлёвай маркі "Parmigiano Reggiano Gran Duca 30 mesi". Агульны кошт партыі склаў 100 тысяч рублёў.
Мытнікі кажуць, што праз мяжу сыр дробнымі партыямі ўвозілі іншыя грамадзяне — як тавар для асабістага карыстання.
Да адказнасці прыцягнулі арганізатара схемы — 39-гадовага беларуса. Суд пастанавіў сыр канфіскаваць, а мужчыну аштрафавалі на 740 рублёў (20 базавых велічыняў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.