Больш за 700 беларусаў не задэкларавалі грошы на мяжы. І згубілі мільёны
Фота носіць ілюстрацыйны характар
За 9 месяцаў бягучага года беларусы згубілі мільёны, спрабуючы правезці незадэклараваныя грошы праз мяжу з краінамі ЕАЭС.
Паводле звестак Мытнага камітэта, толькі сёлета зафіксаваны 741 такі выпадак. Сума канфіскаванай валюты складае каля 12,7 мільёнаў рублёў.
Хочам нагадаць, што без дэкларацыі грамадзяне Беларусі могуць правезці праз мяжу 10 тысяч долараў у эквіваленце. Калі сума большая — грошы неабходна дэклараваць. Запаўняць дэкларацыю трэба як пры выездзе з краіны, так і пры ўездзе, калі вы вяртаецеся дадому з сур'ёзнай сумай.
Калі ж вы хочаце вывезці ці завезці ў краіну больш за 100 тысяч долараў у эквіваленце, апроч дэкларацыі вам трэба яшчэ мець пры сабе даведку, якая пацвярджае легальнае паходжанне гэтых грошай.
У выпадку, калі вы схаваеце наяўнасць грошай, вас можа чакаць штраф да 30 базавых велічынь альбо нават крымінальная адказнасць. Самае кепскае, што грошы ў вас забяруць і не вернуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.