Брытанская прэса: “Гэтая зіма можа стаць надзвычай снежнай і халоднай”
Еўрапейскія эксперты мяркуюць, што гэтая зіма можа стаць для некаторых рэгіёнаў Еўропы вельмі суворай. Яны звязваюць гэта з паслабленнем акіянічнай плыні Гальфстрым, якая ацяпляе Еўропу ўзімку.
Сіноптык агенцтва Exacta Weather Джэймс Мэдзі кажа, што Гальфстрым пачаў слабець яшчэ ў мінулым годзе, але гэтага было недастаткова, каб паўплываць на зімовае надвор’е.
У гэтым жа сезоне эфект ад паслаблення акіянічнай плыні можна будзе назіраць ужо ў найбліжэйшыя месяцы.
“Гальфстрым пачаў паказваць прыкметы паслаблення яшчэ ў канцы мінулага года, але праз “эфект спазнення” мы адчуем уплыў толькі гэтай зімой. Ёсць сур’ёзныя асцярогі, што зіма 2015/16 года можа стаць для Вялікабрытаніі надзвычай халоднай і снежнай”, — прыводзіць словы сіноптыка брытанскае выданне Daily Express.
Навукоўцы мяркуюць, што часткова такая сітуацыя магла скласціся праз актыўнае раставанне ледавікоў Грэнландыі. Тады вялікі аб’ём прэснай вады трапіў у Паўночную Атлантыку.
Прэсная расталая вада лягчэйшая за салёную акіянічную і знаходзіцца на паверхні, перашкаджаючы нармальнаму ходу Гальфстрыма.
Прафесар Стэфан Рахмсторф з Патсдамскага інстытута даследаванняў уздзеяння клімату ў Германіі, сказаў, што запавольванне плыні складае прыблізна 15-20%.
“З імавернасцю ў 99% можна сказаць, што такое запавольванне адбываецца ўпершыню з 900 года нашай эры. І яно выходзіць за межы натуральнай зменлівасці плыні”, — кажа спецыяліст.
Брытанцы ўжо чакаюць зімы, падобнай да той, што была ў 1963 годзе, калі снегам засыпала Англію з Уэльсам, а Тэмза пакрылася лёдам. А якая зіма чакаецца ў Беларусі?
Беларускія метэаролагі не такія катэгарычныя, і ставяцца да такіх навінаў з пэўным скепсісам. Галоўны сіноптык Беларускага гідраметцэнтра Святлана Рыбакова кажа, што доўгатэрміновыя прагнозы часта бываюць вельмі недакладнымі:
“Такія прагнозы маюць вельмі нізкую апраўдвальнасць. Да нас паступіла пэўная інфармацыя, вядома, яна папярэдняя і прагнастычная. У прынцыпе, паводле гэтых дадзеных, зіма чакаецца ў межах нормы”, — кажа сіноптык.
Разам з тым, паводле апошніх прагнозаў, ужо з сярэдзіны наступнага тыдня ў Беларусі чакаецца значнае пахаладанне.
Галоўнае фота: wsbt.com