Брытанская прэса: “Парад у Пекіне павялічвае напружанасць у рэгіёне”

Брытанская прэса: “Парад у Пекіне павялічвае напружанасць у рэгіёне”

3 верасня ў Пекіне з нагоды 70-годдзя завяршэння Другой Сусветнай вайны і перамогі Кітая над Японіяй прайшоў маштабны вайсковы парад. У ім удзельнічала 12 тысяч чалавек, 500 адзінак вайсковай тэхнікі і 200 адзінак авіяцыі.

Кітай увогуле мае самую вялікую армію ў свеце, паводле некаторых ацэнак, колькасць тамтэйшых вайскоўцаў складае 2,3 млн чалавек.

Кіраўніцтва Кітая заявіла, што парад праводзіцца ў знак памяці шматлікіх ахвяраў Другой Сусветнай вайны. А лідар Народнай рэспублікі Сі Цзіньпін запэўніў, што кітайцы застаюцца перакананымі прыхільнікамі міру:

“Кітай па-ранейшаму застаецца прыхільны мірнаму развіццю. Мы, кітайцы, любім мір. Якім бы моцным ні быў Кітай, ён ніколі не будзе імкнуцца да гегемоніі або экспансіі. Ён ніколі не прычыніць пакуты любой іншай нацыі”.

Гасцямі парада ў Паднябеснай сталі палітыкі з 49 краін, у тым ліку і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Большасць заходніх лідараў праігнаравалі гэтую падзею.

Брытанская прэса: “Парад у Пекіне павялічвае напружанасць у рэгіёне”

Еўрапейская прэса сціпла і са скепсісам асвятляла парад у Пікіне. Найбольшы рэзананс парад выклікаў у брытанскіх медыя.

The Guardian піша, што кіраўнікі буйных заходніх дзяржаў не наведалі парад у знак таго, што незадаволеныя знешняй палітыкай Кітая. Бо нарастанне кітайскай вайсковай моцы стала некамфортнай рэальнасцю для суседзяў, якія маюць тэрытарыяльныя спрэчкі з КНР.

“Вайсковыя парады маюць аспект запалохвання, і лідар Кітая не зрабіў дастаткова, каб пераканаць свет у адваротным. Нават яго мірная рыторыка і заявы аб скарачэнні войска ў чацвер не надта дапамаглі. Свету патрэбны моцны Кітай, а не Кітай, моц якога пужае”, — піша The Guardian. 

ВВС піша, што парад ўжо называюць дэманстрацыяй сілы Народнай арміі Кітая ў перыяд, калі Пекін зноў прад’яўляе свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Паўднёва-Кітайскім моры.

Выданне таксама распавядае, як сталіца рыхтавалася да мерапрыемства:

“За 5 дзён да парада былі адмененыя ўсе забаўляльныя праграмы і шоў па тэлебачанні. Замест іх паказваліся антыяпонскія патрыятычныя фільмы. […] Падчас параду ўлады закрыюць некалькі станцый метро. Бальніцы ў дзень шэсця не будуць прымаць пацыентаў, будзе дзейнічаць толькі хуткая медыцынская дапамога. […] З-за інтэнсіўных трэніровак і рэпетыцый парада многія армейскія чыны пахудзелі ў сярэднім на 5 кг”.

Брытанская прэса: “Парад у Пекіне павялічвае напружанасць у рэгіёне”

На думку аналітыкаў газеты Financial Times, такая дэманстрацыя вайсковай магутнасці Кітая можа прывесці да росту напружанасці ў рэгіёне. А лагодныя дыпламатычныя словы Сі Цзіньпіня не могуць схаваць больш глыбокі сэнс пекінскага парада — рост вайсковай магутнасці Кітая.

“Паднябесная мае ўсе правы на развіццё вайсковага патэнцыялу і прад’яўленне тэрытарыяльных прэтэнзій. Але спосаб, якім яна гэтыя прэтэнзіі фарсіруе […] Пекін мусіць вырашаць такія спрэчкі шляхам міжнароднага арбітражу. Але ён усяляк пазбягае вырашэння судовым шляхам. А В’етнам, Індыя, Японія і Філіпіны апошнім часам неаднаразова скардзіліся на прэтэнзіі Кітая па спрэчных тэрыторыях”.

Такія паводзіны Пекіна выклікалі рэакцыю суседзяў. Аўстралія і Японія павялічылі вайсковыя бюджэты, а Філіпіны і Індыя ўшчыльняюць стратэгічныя адносіны з ЗША.

Фота: ЕРА, AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі